Як Свята-Елісавецінскі манастыр зарабляе грошы?


Свята-Елісавецінскі манастыр у Менску не даплочвае ў бюджэт за сваіх працаўнікоў. Схему падвойнай бухгалтэрыі «Бюро медыя» апавялі ўласныя крыніцы. Кожнаму працаўніку афіцыйна налічаюць толькі 15 адсоткаў заробку. Астатняе выдаюць у канвертах. Духоўнік манастыра протаіерэй Андрэй Лемяшонак чорныя заробкі адмаўляе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У дакументах чорныя заробкі манастыр афармляе як «дабрачынныя ахвяраванні за царкоўны послух». Усе свае прыбыткі абіцель таксама маскуе пад такія добраахвотныя ўзносы, бо з гэтых грошай не трэба плаціць падаткаў. Аднак журналісты-расследавальнікі высветлілі, як усё выглядае насамрэч.

«Умоўна, ты прыходзіш у манастыр – і табе надалі нейкую паслугу. Напрыклад, адпелі сваяка. І ты па дабрыні душэўнай аддаў тыя сродкі, якія пажадаў патрэбным аддаць. А там гісторыя зусім іншая. Гэта значыць, першапачаткова, да таго, як табе акажуць паслугу, з цябе просяць фіксаванае ахвяраванне», – распавяла расследавальніца «Бюро Медыя» Ксенія Вязнікоўцава.

За амаль 25 гадоў існавання манастыр дарос да маштабаў праваслаўнага холдынгу. Прынамсі ў яго структуру ўваходзяць 12 святыняў, дзясяткі царкоўных лавак, майстэрняў, паломніцкі ды асветніцкі цэнтры, гурткі. Апроч таго, манастыр валодае сямю камерцыйнымі юрыдычнымі асобамі ў Беларусі і Расеі. Паводле мадэратаркі групы «Хрысціянская візія» Наталлі Васілевіч, агулам Царква і бізнес могуць спалучацца, але:

«Цэрквы павінныя быць не горш за бізнес, як яны арганізуюць атрыманне гэтых грошай. Яны павінныя быць лепш за бізнес. Не проста ўзорным бізнесам, яны павінныя мець высокую сацыяльную адказнасць. Таму павінна быць усё празрыста, зразумела, колькі грошай зарабляецца, колькі грошай выдаткоўваецца, каб не было ніякіх злоўжыванняў».

Канцэрт «Сваіх не кідаем» у «духоўна-асветніцкім» цэнтры «Каўчэг»
Канцэрт «Сваіх не кідаем» у «духоўна-асветніцкім» цэнтры «Каўчэг» пры Свята-Елісавецінскім манастыры. Менск, Беларусь. 24 лютага 2024 года.
Фота: Максім Чарнагалоў / Obitel-minsk.ru

Пытанні выклікае і асоба Андрэя Лемяшонка. Пасля 2020-га года ён актыўна ўвайшоў у медыйнае поле. Перыядычна дае інтэрв’ю прапагандысцкім медыям, але часцей выступае з казаннямі і размовамі на ю-тʼюб-канале манастыра. Прынамсі публічна падтрымлівае Лукашэнку ды расейскае ўварванне ва Украіну ў лютым 2022-га года.

Асаблівую ўвагу журналісты-расследавальнікі звярнулі на адукацыйныя праекты ўстановы. Гэта прыватная школа з праваслаўным ухілам «Іхвіс» і рух «Арляняты».

«У рамках працы манастыра з непаўналетнімі назіраецца жахлівая тэндэнцыя. Зʼяўляюцца нейкія ўрокі радзімазнаўства, патрыятызму вельмі шмат. Вось гэтага наратыву правайсковага. Адчуваецца вось гэты флёр, што дзяцей вучаць любіць расейскую радзіму. Як быццам да чагосьці рыхтуюць», – дадала Ксенія Вязнікоўцава.

Да таго ж Свята-Елісавецінскі манастыр працягвае збіраць ахвяраванні і дасылаць дапамогу на акупаваны Данбас. А манашкі ў Менску ладзяць імпрэзы з расейскімі трыкалорамі і літарамі «Z».

Ірына Юрʼева, «Белсат»