Гадавіна Плошчы-2006: «Грамадства было негатовае»


У 2006-ым Кірылу было 18, хлопец нядаўна скончыў школу. А 19-га сакавіка ён узяў удзел у сваіх першых выбарах прэзідэнта. Абвяшчэнне вынікаў ён сустрэў на Кастрычніцкай плошчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я думаю, што кожны, хто быў на Кастрычніцкай плошчы, памятае, як нейкі хлопец залез на аўтобус і праехаў са сцягам уздоўж усёй Кастрычніцкай плошчы, – узгадвае ўдзельнік Плошчы-2006 Кірыл. – Па шчырасці, я быў дзіцём, такі юнацкі максімалізм. Нам здавалася, што мы зараз пераможам, насамрэч».

Канкурэнтамі Лукашэнкі на тых выбарах былі кандыдат ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч, а таксама Аляксандр Казулін ад партыі «Грамада» і кандыдат-спойлер з ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч.

«Калі мы распачыналі кампанію, мы верылі, што ў нас ёсць шанец, таму што мы адчувалі настроі грамадства. Але, ведаеце, мы камунікуем сярод сваіх, блізкіх па духу людзей і нам здаецца, што большасць за нас», – расказваў кандыдат на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч.

Згодна з Цэнтрвыбаркамам, Лукашэнка атрымаў чарговую элегантную перамогу, набраўшы амаль 83 адсоткі галасоў.

«Хлусілі, прымушалі ўвесь час, фальсіфікавалі. Потым абʼявілі свае лічбы. Мы смяемся над гэтымі лічбамі», – казаў у 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч.

Агулам на плошчы ў першы дзень сабраліся 20-30 тысяч пратэстоўцаў. Праз дзень там паўстала намётавае мястэчка. Штопраўда, тады пратэсты шырокага падтрымання ў грамадстве не атрымалі.

Плошча-2006.
Фота: Скрыншот з відэа «Белсату»

«Тая павестка, якую прапаноўвалі дэмакратычныя сілы ці апазіцыя, як сябе назвалі кандыдаты ў прэзідэнты, была няблізкая грамадству або была блізкая вузкай частцы грамадства. Гэта тычылася і мэсіджаў еўрапейскасці, адзінай беларускай мовы, палітычных свабодаў», – мяркуе дырэктарка Цэнтру новых ідэй, паліталагіня Леся Руднік.

А ў ноч на 24-га сакавіка намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы жорстка зліквідавалі амапаўцы. Пратэст здушылі, пратэстоўцаў кінулі на Акрэсціна. Аднак да рэпрэсіяў цяперашняга ўзроўню тады не дайшло.

«Грамадства, прадстаўленае на вуліцах Менску, не было гатовае даваць адпор, – разважае Леся Руднік. – Таму, мне падаецца, рэжым, па-першае, бачыў гэта як прапарцыйны адказ. А па-другое, для рэжыму была важная міжнародная рэпутацыя».

Кірыл таксама адседзеў 10 содняў на Акрэсціна, а па выхадзе, як і некаторыя іншыя студэнты-удзельнікі пратэстаў, выехаў у Польшчу паводле праграмы Кастуся Каліноўскага. Ён стала жыве там цягам вось ужо 18-ці гадоў.

«На той момант нам казалася, што перамога на нашым баку. Але калі мінула шмат гадоў, чалавек пасталеў і паглядзеў на гэта з іншай перспектывы, магу сказаць, што грамадства было негатовае. Нават цяжка сказаць, ці яно ў дадзены момант гатовае», – разважае ўдзельнік тых падзеяў Кірыл.

За межамі Беларусі апынуўся таксама Аляксандр Мілінкевіч. Ён, як і дзясяткі тысяч беларусаў, вымушана выехаў з роднай краіны пасля пачатку палітычнага тэрору ў 2020-ым.

Ян Федаровіч, «Белсат»