15 год Плошчы-2006


15 гадоў таму 19 сакавіка, не дачакаўшыся канчатковых вынікаў выбараў, каля 30 тысячаў чалавек выходзяць на Кастрычніцкую плошчу. Уначы беларусы чуюць афіцыйны вынік галасавання – 82,6% атрымлівае Лукашэнка.

На наступны дзень мітынг за паўторныя выбары збірае каля 10 тысячаў чалавек. У гэты ж дзень на плошчы паставілі першыя намёты. Ужо 21 сакавіка колькасць намётаў павялічылася да 19-ці. Антось прыйшоў на плошчу ўначы на 24-га сакавіка, за дзве гадзіны да разгону.

«Штосьці мне стрэльнула, я сказаў, я павінен пайсці туды на ноч. Я туды прарываўся, мяне туды не хацелі пускаць. Там было ўжо ўсё ачэплена. Зайшоў у ланцуг і памятаю, што мне ўжо праз 15 хвілін стала вельмі-вельмі халодна. А людзі неслі туды рэчы. Людзі неслі туды ежу, частавалі гарбатай», – згадвае Антось, які ўдзельнічаў у пратэстах 2006 і 2020 гадоў.

24 сакавіка каля трэцяй ночы на плошчы было 35 намётаў. Разгон заняў каля паўгадзіны, затрымалі больш за паўтысячы чалавек. Антося таксама, ён адседзеў 10 содняў:

«Мяне спакойна давялі да гэтага аўтазака. Людзі там крычалі, хапун. А потым ужо ў сам гэты аўтазак нас закідвалі. Адзін на аднаго, была куча мала. І мне прыляцела праз увесь аўтазак кастэтам проста ў твар, мне тады нос зламалі. І я прачнуўся ўжо на Акрэсціна. Як мы да гэтага прыйшлі? Вось зараз думаю, што ў нас вось такі сімвал – аўтазак».

І ён дагэтуль забірае мірных пратэстоўцаў. Намётавае мястэчка наведалі амбасадары Брытаніі, Нямеччыны, Францыі ды іншых краінаў, ЗША і Еўразвяз увялі санкцыі, але Плошча-2006 мэты не дасягнула. Аляксандр Мілінкевіч, які разам з яшчэ адным кандыдатам ад апазіцыі, Аляксандрам Казуліным, узначаліў пратэст 2006 года, паразважаў пра магчымыя памылкі:

«Можа, нам не хапіла працы з тымі, хто ва ўладзе, з наменклатурай. Можа, у нас было трошачкі такой рэвалюцыйнай наіўнасці. Можа, яшчэ згадаю, што ў нас быў – шчыра трэба пра гэта казаць – раскол у штабе, калі арганізавалася намётавае мястэчка. Большая частка штабу была за намётавае мястэчка, а частка была супраць».

Леташнія пратэсты дасягнулі большых маштабаў. У першую нядзелю пасля выбараў па ўсёй Беларусі выйшлі больш за мільён чалавек. Таму Аляксандр Мілінкевіч верыць у паспяховасць цяперашніх выступаў:

«Зараз большасць хоча жыць інакш. У нас ніколі не было большасці. Я кажу пра дэмакратаў, пра людзей, якім свабода вельмі важная і дэмакратыя. Зараз нас большасць».

А былы супрацоўнік генеральнай пракуратуры Андрэй Сыцько лічыць, што спецслужбы прааналізавалі пратэсты прамінУлых гадоў ды навучыліся на іх:

«Лідараў пачалі затрымліваць прэвентыўна. Гэта было ўжо ў 17 годзе. То бок ліквідуй лідара – усе астатнія не ведаюць, што рабіць, таму што няма каму каардынаваць, няма каму камунікаваць. Вельмі сур’ёзна прааналізавалі майданы, таму што майданы – гэта, напэўна, самае такое сурʼёзнае ў частцы намётавых гарадкоў. Цяперашнія сілавікі цалкам гатовыя да таго, каб працаваць з мірным пратэстам, менавіта з мірным».

Антось жа быў уражаны колькасцю сілавікоў. 9 жніўня ён быў ля стэлы.

«Гэта проста вайна. Лукашэнка рыхтаваўся да гэтай вайны. У іх былі драбавікі, у іх былі гранаты. У 2020 годзе, калі мы ўцякалі ад гэтых гранат, дабеглі да Свіслачы. Я гляджу, а там плыве вайсковая маторная лодка, стаяць хлопцы з драбавікамі, поўная экіпіроўка, гранатамёты. Я не ўяўляў, што такое магчыма ў маёй роднай краіне!» – абураецца Антось.

У 2007 годзе КДБ спрабаваў завербаваць Антося. Цяпер ён жыве ў Польшчы, але 8 жніўня адмыслова прыляцеў у Беларусь на пратэст і праз тыдзень вярнуўся.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»