Бязвыбары ва ўзмоцненым рэжыме: больш за 10 тысячаў сілавікоў будуць «ахоўваць» беларусаў


Нагадвае спецаперацыю: лукашэнкаўскія сілавікі ў поўнай амуніцыі і са зброяй. Гатовасць баявая. Ужо заўтра ў Беларусі распачнецца датэрміновае галасаванне. Беларусам прапануюць абраць 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і больш за 12 тысячаў дэпутатаў мясцовых саветаў. А навошта сілавікі? Каб грамадзяне зрабілі «правільны выбар».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Амаль ваеннае становішча. З панядзелка структуры МУС перайшлі на ўзмоцнены рэжым службы. Больш за 10 тысячаў сілавікоў ажно да апошняга дня выбараў – 25-га лютага – будуць ахоўваць грамадскі парадак.

«Рэжым ведае, што яны не маюць надзейнай падтрымкі ў насельніцтва. Таму Лукашэнка прадае выбары сілавому блоку як працэс, які вырашыць лёс не толькі краіны, але і саміх сілавікоў. Да таго ж выбары, якія адбываюцца, – своеасаблівая рэпетыцыя перад прэзідэнцкімі выбарамі», – мяркуе віцэ-прэзідэнтка Даследчага інстытуту «Globsec» Алена Кудзько.

Акрамя міліцыі, да аховы выбарчых камісіяў прыцягнуць дружыннікаў, наймітаў ПВК Вагнэра, а таксама моладзевыя атрады і ветэранаў ведамства. Да таго ж, за беларусамі будуць сачыць яшчэ і праз камеры – паводле кіраўніка МУС Івана Кубракова. Практычна ўвесь Менск ужо цяпер пад назіраннем. І ўсё гэта нібыта дзеля бяспекі выбарнікаў ды сябраў выбарчых камісіяў.

«Я хачу звярнуцца да ўсіх тых задзеяных у выбарчым працэсе: працуйце спакойна, бяспека ў РБ будзе запэўненая», – заявіў кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Ігар Карпенка заявіў, што сёлета назіраць за электаральнаю кампаніяй будуць дзвесце замежнікаў. Прычым быццам бы запросяць не толькі прадстаўнікоў з СНД, але і з краінаў Еўразвязу – Вугоршчыны, Нямеччыны і Польшчы.

«Мы рэальна разумеем той курс, які праводзіць кіраўніцтва гэтых краінаў, і тых грамадзянаў, якія мяркуюць зусім па-іншаму ды маюць намер выбудоўваць нармальныя роўныя адносіны з нашаю краінаю», – кажа кіраўнік ЦВК Беларусі Ігар Карпенка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. 6 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Пры гэтым, паводле кіраўніка ЦВК, назіральнікаў запросяць у індывідуальным парадку, а не ў складзе місіі АБСЕ, як гэта было раней. Праваабаронца Павел Левінаў адзначае, што запросіны назіральнікаў у апошні тыдзень выбарчай кампаніі супярэчаць нават заканадаўству краіны.

«Што могуць убачыць гэтыя назіральнікі, каб прызнаць выбары свабоднымі дэмакратычнымі, мне незразумела… Кандыдаты так званыя – ад “Белай Русі”, сябры камісіі – ад “Белай Русі”, ну, і назіральнікі – ад “Белай Русі”», – адзначае праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Павел Левінаў.

Сёлета ўпершыню беларусы замежжа не будуць браць удзелу ў выбарах. Рэжым пазбавіў іх такой магчымасці, не зарганізаваўшы выбарчых участкаў за мяжою. Дэмакратычныя ж лідары заклікаюць усіх беларусаў байкатаваць адзіны дзень галасавання.

«Калі ёсць магчымасць не хадзіць, то, канечне, можна не хадзіць. Але будзе значная колькасць тых, каго пайсці прымусяць. Будуць пагражаць звальненнем з працы ці пагражаць сям’і. У такіх выпадках можна пайсці і прагаласаваць супраць усіх», – адзначае Алена Кудзько.

Ужо заўтра ў краіне пачнецца датэрміновае галасаванне. Выбарчыя ўчасткі пачнуць працу апоўдні. Абраць дэпутатаў ці прагаласаваць супраць усіх можна будзе да 19-ай гадзіны.

Наста Печанькова, «Белсат»