Адвакатцы Марыі Калеснікавай забаранілі прафесійную дзейнасць


«Вядома, ёсць права на абскарджанне цягам месяца – можна звяртацца са скаргай у суд Маскоўскага раёну. Вось тут ёсць Аляксандр Уладзімеравіч Пыльчанка, мы ўсе ўважліва глядзелі на працэс ягонага абскарджання і бачым, што гэта практычна не прыносіць станоўчага выніку. Таму я не цешуся ілюзіямі», – кажа Людміла Казак, абаронца Марыі Калеснікавай.

Аляксандр Пыльчанка – адвакат, які разам з сотняй калегаў падпісаў петыцыю дзеля падтрымання Людмілы Казак. Ён таксама быў абаронцам Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі ды таксама быў пазбаўлены ліцэнзіі.

«Мы працуем для людзей. Вы бачыце, чым мы займаемся, вы чуеце нашыя заявы – з чымсьці хтосьці згодны, хтосьці не згодны. І бачыце наступствы гэтага. Якія тут могуць быць пытанні і якія яшчэ патрэбныя тлумачэнні?» – кажа Аляксандр Пыльчанка.

Падтрымаць абаронцу сваёй дачкі разам з іншымі адвакатамі да Міністэрства юстыцыі прыйшоў таксама бацька Марыі Калеснікавай.

«Я лічу, што гэта ізноў жа – парушэнне правоў чалавека, правоў абароны. І нядаўна Марыя зрабіла адмысловы зварот, у якім і сказала: «Мяне пазбаўляюць абароны». А гэта значыць – пазбаўляюць усіх нас», – упэўнены Аляксандр Калеснікаў.

Дзясяткі выбітных беларускіх адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіяў у розныя гады і асабліва масава – пасля прэзідэнцкіх выбарчых кампаніяў 2006 і 2010 гадоў. І цяпер – працяг тых падзеяў, кажа адвакат, якога адным з першых пазбавілі ліцэнзіі ў сучаснай Беларусі – падчас абароны журналістаў Паўла Шарамета і Змітра Завадскага.

«Чаму не пускаюць свабодных журналістаў, чаму не пускаюць грамадзянаў у суды, фактычна іх закрываюць? Таму што там – неправасудныя працэсы. Адвакаты разумеюць, што адбываецца ў нашых судах, што адбываецца ў нашай дзяржаве. І яны апошняя надзея грамадзянаў, якія гэтую праўду данясуць грамадству. Таму дзяржава выкарыстоўвае ўсе свае інструменты жорсткага кантролю, спрабуе і ў гэтай галіне навесці гэтак званы парадак жалезнай рукой», – кажа юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла.

Каб падтрымаць Людмілу Казак, зняволенага Максіма Знака, Іллю Салея ды іншых пазбаўленых ліцэнзіі юрыстаў, Марыя Калеснікава з-за кратаў заклікала міжнародную адвакацкую супольнасць салідарызавацца з беларускімі калегамі ды не пакінуць без права на абарону грамадзянаў Беларусі.

«Белсат»