Беларуская тэма прагучала на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе


Еўракамісія гарантуе, што вылучыць 3 мільярды еўраў для будучай дэмакратычнай Беларусі. Падтрымаць і фінансаваць рэформы ў нашай краіне таксама паабяцалі розныя дэмакратычныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі. Пра гэта сёння казала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская падчас дыскусіі на тэму беларускага бізнесу ў межах Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе. На ейную думку, Беларусь – гэта Еўропа не толькі геаграфічна. Беларусы падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці, а беларуская эканоміка заўсёды будзе часткаю еўрапейскай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Беларуская эканоміка будзе грунтавацца на моцным і інавацыйным прыватным сектары, – прагназуе Святлана Ціханоўская. – Бізнес будзе ствараць працоўныя месцы, плаціць падаткі; ён створыць перадумовы для існавання заможнага сярэдняга класу. Мы пабудуем эканоміку заўтрашняга дня, дзе і беларускім, і замежным інвестарам будзе нашмат прасцей пачаць і весці бізнес».

Паводле Святланы Ціханоўскай, адмыслоўцы вольнай Беларусі возьмуць за ўзор эканамічныя рэформы і дасягненні развітых краінаў. Мэта – стварыць самы спрыяльны для бізнесоўцаў клімат. Але найперш неабходна звергнуць дыктатуру і наладзіць дэмакратычны рэжым у краіне. Таму што зараз узровень тэрору ў Беларусі цяпер толькі павышаецца. Каля пяці тысячаў палітычна матываваных крымінальных справаў былі адкрытыя толькі за апошні год. Штодня ў спісе затрыманых з’яўляецца каля сямнаццаці новых імёнаў. І ніхто цяпер не можа пачувацца ў бяспецы ў Беларусі. А тыя, хто ўсё яшчэ вядзе свой бізнес, рызыкуюць быць затрыманымі паводле абсурднага абвінавачання і страціць яго.

Эканамічная каманда Офісу Святланы Ціханоўскай ужо цяпер працуе над першачарговымі эканамічнымі рэформамі для беларускай будучыні. Свае прапановы агучылі і прадстаўнікі Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою.

«Размаўляем не толькі пра Беларусь, пра праблемы беларускага бізнесу, як і шляхі іх вырашэння. Але мы таксама арганізавалі беларускі side event у Польскім доме. І прысвечаны ён быў бачанню беларускай эканомікі, неабходным эканамічным рэформам у будучыні, а таксама цяперашнім праблемам беларускага бізнесу», – патлумачыў эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай і віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою (ABBA) Алесь Аляхновіч.

Каментуючы ўдзел беларускай дэлегацыі ў прэстыжным Давоскім форуме, старэйшы навуковы работнік Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў адзначыў, што ў цяперашнім сусветным палітычным парадку дня тэма Беларусі – адна з найвастрэйшых:

«Зараз сітуацыя ў Еўропе і ў свеце настолькі цяжкая і напружаная! Вельмі шкада, але Беларусь хіба што ў цэнтры гэтага пытання, таму што ўсе чакаюць: калі адчыніцца другі фронт праз Беларусь? Якая будучыня Беларусі як краіны? Усіх гэта цікавіць. І тое, што ёсць Святлана Ціханоўская і яе Офіс – гэта вялікая справа».

Сёлета ў Давосе Святлана Ціханоўская брала ўдзел у панэльнай дыскусіі «Абарона для Еўропы», правяла сустрэчы з палітыкамі высокага ўзроўню з розных краінаў, а таксама з кіраўніком Міжнароднай арганізацыя працы. Святлана Ціханоўская зрабіла акцэнт на парушэнне правоў працоўных у Беларусі і нялюдскія ўмовы ўтрымання вязняў. Яна таксама папрасіла Швейцарыю дапамагчы вызваліць беларускіх палітвязняў, а Іспанію – арганізаваць рэабілітацыйныя праграмы для рэпрэсаваных беларусаў. Міжнародную дзелавую супольнасць абраная прэзідэнтка Беларусі прасіла разарваць любыя сувязі з кампаніямі і асобамі, лаяльнымі да Лукашэнкі, і ствараць сувязі з сумленнымі бізнесоўцамі дэмакратычнай Беларусі.

Рыгор Ніжнікаў лічыць, што гэта правільна, але недастаткова. Ён патлумачыў сваю думку:

«Я не бачу, што прапаноўвала Святлана Ціханоўская, каб змяніць рэжым, проста дапамагчы беларускаму народу. На мой погляд, гэта тое, на што мы павінны пачаць зараз больш акцэнтаваць увагу».

Увагу ж да Беларусі можа прыцягнуць ініцыятыва беларускай лідаркі стварыць міжнародную кааліцыю ў падтрыманне незалежнай і свабоднай Беларусі. Святлана Ціханоўская мяркуе, што гэтую ідэю ахвотна падтрымаюць Польшча, Літва, іншыя краіны Еўразвязу, а таксама ЗША.

Марына Яновіч, «Белсат»