Вадохрышча: акунуцца з Богам у сэрцы


Раніца ў праваслаўных вернікаў пачыналася сёння з малітвы аб здароўі і дабрабыце блізкіх, а дом асвячалі святою вадой. Сёння Вадохрышча – адно з найважнейшых святаў у царкоўным календары. Прысвечанае яно хрышчэнню Ісуса Хрыста ў рацэ Іярдан, пасля якога 30-гадовы Збаўца пачаў адкрыта прапаведаваць Евангелле. Камера «Белсату» дзівілася на цуд гэтага свята ў Беларусі, Украіне ды Літве.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Акунанне ў палонку – святочная традыцыя, якая сімвалізуе хрышчэнне Ісуса. Перахрысціўся – і нырца! Лічыцца, што ў ледзяной вадзе пакінеш грахі. Расцерціся ручніком і абагрэцца можна каля вогнішча… У праваслаўным лагеры «Дружба» ў вёсцы Вароны Віцебскага раёну акунацца пачалі ўчора на Куццю. Абрад выконваюць пасля набажэнства і асвячэння вады. Але пераважна вернікі акунаюцца сёння – на Вадохрышча.

«Кожны вернік не то, што абавязаны, але ў сілу сваіх магчымасцяў мусіць гэта хаця б раз у жыцці паспрабаваць. Для мяне гэта святы абрад такі. Я намагаюся заўжды прытрымлівацца», – кажа мужчына, які ўжо выйшаў з вады.

«Хрышчэнне Гасподняе – выдатнае свята! Усім дабрыні, здароўя і моцнай веры!» – заахвочвае іншы.

У Кіеве на Абалонскай набярэжнай узімку такі натоўп збіраецца толькі на Вадохрышча. Беларусаў знайсці аказалася не складана. З «нашымі» – бел-чырвона-белая сімволіка і пратэставы дух. Палітычныя эмігранты патлумачылі, навошта ўзялі з сабою сцягі:

«Сёння заадно акцыя ў падтрыманне палітзняволеных, якія цяпер могуць пакутаваць недзе ў карцарах».

«Як грамадзянская актывістка і як псіхолаг лічу, што царква – у палітыцы. Бо мы змагаемся за дабро і справядлівасць».

«І мы тут намагаемся трымаць бадзёрасць духу ў тым ліку і праз акунанні. Чым і збіраемся заняцца!» – запэўнілі беларусы.

А ў сталіцы Беларусі акуналіся амаль ува ўсіх вадаёмах. Царкоўнага хору на Камсамольскім возеры мы не заспелі – заваблівала людзей сучасная поп-музыка. На месцы можна было набыць цёплыя напоі, а пераапрануцца – у вялікім намёце.

У дзень хросту Ісуса Хрыста гомельцы апускаліся ў ваду прынамсі ў чатырох абсталяваных месцах. Галоўнае – у цэнтры гораду на рацэ Сож. На месцах дзяжурылі медыкі, ратавальнікі ды міліцыя.

Ля кожнай афіцыйнай палонкі і ля цэркваў вернікі набіралі ваду, каб асвяціць дом і самім глыток зрабіць. Маліліся аб здароўі і дабрабыце блізкіх. Разліваць ваду пачалі яшчэ 18-га. Пасля набажэнства ў віленскім Кафедральным саборы Успення Найсвяцейшай Багародзіцы мы запыталіся ў протаірэя Віталя Моцкуса, якая вада лепшая.

«Вада, асвечаная і ў адзін, і ў другі дзень Вадохрышча – аднолькавая. Абсалютна аднолькавая! Раю, каб бралі, карысталіся і дзякавалі Богу», – адказаў святар.

Протаірэй Віталь Моцкус пажадаў гледачам «Белсату»:

«Мы ў гэты дзень маем магчымасць падзякаваць Богу за тыя добрыя справы, за тыя благаславенні, за тыя настаўленні, якія нам кожны дзень спрыяюць».

Царкоўныя служкі таксама падкрэсліваюць, што Бог мае жыць у нашых сэрцах. Бо калі яго там няма, то ачысціцца не дапаможа ні Царква, ні акунанне ў палонку.

Юлія Цяльпук, «Белсат»