Два гады калоніі агульнага рэжыму – прысуд Аляксандру Івуліну


На нейкі час «Крумкачы» застануцца без гульца, а заўзятары спорту – без цікавых спартовых матэрыялаў. Два гады калоніі агульнага рэжыму – у судзе Савецкага раёну Менску Сяргей Шаціла вынес прысуд Аляксандру Івуліну, прызнаўшы яго вінаватым у грубым парушэнні грамадскага парадку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пракурор запрасіў два гады, вось два гады і атрымаліся. Людзі, якія працуюць у гэтай сістэме, як я разумею, проста баяцца штосьці зрабіць не так, таму Сашы – сіл і цярпення», – кажа гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў.

Аляксандр Івулін вядомы як карэспандэнт спартовага выдання «TRIBUNA.BY» і аўтар прызнанага экстрэмісцкім спартовага YouTube-каналу «ЧестнОК». А таксама як футбаліст менскага клубу «Крумкачы».

Аляксандр Івулін прыкладаў шмат намаганняў, каб вярнуць цікавасць заўзятараў да беларускага футболу, падкрэслівае кіраўнік праектаў «Трыбуны» ў Беларусі ды ва Украіне Максім Беразінскі.

«Ён мог цікава распавесці пра падзеі, якія адбываюцца ў іншых камандах. І калі казаць пра праект «Крумкачы», і серыял, у якім ён хацеў дэбютаваць, і рэалізаваць сваю мару стаць футбалістам – канечне, гэта дадало б фарбаў, і было б падзеяй, за якой сачылі б не толькі спартовыя медыі», – кажа Максім Беразінскі.

Баранавіцкаму актывісту Уладзіміру Гундару, аднаму з фігурантаў так званай справы Аўтуховіча, змянілі абвінавачанне. Пра гэта стала вядома з ягонага ліста да жонкі. Абвінавачанне ў тэрарызме, паводле якога іншым фігурантам справы можа пагражаць нават смяротнае пакаранне, знялі праз адсутнасць доказаў.

«Абвінавачваюся цяпер паводле ч. 1 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Колькі паводле іх свеціць, ніхто мне не сказаў, і Кодэксу не выдаюць», – піша ў лісце Уладзімір Гундар.

Паводле новага абвінавачання палітвязню з інваліднасцю можа пагражаць да 15 гадоў зняволення. Родныя Уладзіміра Гундара адзначаюць, што даведваюцца пра хаду справы толькі з ягоных лістоў, бо адвакаты – пад падпіскаю пра неразгалошванне.

З ліста стала вядома і пра месцазнаходжанне Марыі Калеснікавай. Яе перавялі ў гомельскую жаночую калонію, туды ж, дзе цяпер нашыя зняволеныя журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.

Ірына Дарафейук, «Белсат»