У Беларусі стане лягчэй атрымаць рэцэпты на лекі?


У медсясцёр, фельчараў і памочнікаў дактароў будзе больш абавязкаў. Міністэрства аховы здароўя ўпаўнаважыла іх выпісваць рэцэпты на лекі. Ці спросціць гэта жыццё дактарам ды іхным пацыентам? І ці не пагоршыць якасці медычнага абслугоўвання?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не дактарамі адзінымі. У Беларусі дазволілі выпісваць рэцэпты медычным працаўнікам з сярэдняй адукацыяй, якія вядуць самастойны амбулаторны прыём. Раней на гэта мелі права толькі спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, а таксама – у некаторых выпадках – педагагічныя працаўнікі медычных ВНУ.

«Гэта вымушаныя абставіны. Бо ў сярэдняга медычнага персаналу недастаткова кампетэнцыі прызначаць лячэнне. Добра, прадубляваць раней выпісаны рэцэпт… Але ў выпадку, калі гэта нешта новае, медсястра не можа прызначаць лячэнне, карэктаваць дозы, не можа падбіраць прэпараты – для гэтага трэба даўжэй вучыцца», – кажа доктарка-педыятарка Мая Церакулава.

Канкрэтнага спісу лекаў, якія змогуць выпісваць гэтыя медпрацаўнікі, у публічнай прасторы няма. Пры гэтым існуе пералік прэпаратаў, рэцэптаў на якія выдаваць яны ня могуць: гэта лекі і перавязачныя матэрыялы на льготных або бясплатных умовах, а таксама наркатычныя сродкі і псіхатропныя прэпараты. Паводле доктара Станіслава Салаўя, пастанова мелася аблегчыць працу медыкаў-спецыялістаў, аднак фактычна толькі больш азадачыла медперсанал.

«Лагічней адпраўляць да медсястры чалавека, якому неабходны ільготны рэцэпт, які б яна проста абнавіла. Чалавеку 90 гадоў, ён прымае там пачак прэпаратаў ад ціску, ад сасудаў: ён мусіць ісці да доктара, займаць яго час, каб проста атрымаць раз на месяц-два новую пачак рэцэптаў… Тое ж самае з наркатычнымі прэпаратамі. У асноўным, мы гаворым пра болеспатольныя сродкі для анкалагічных хворых: ну не зменіцца ў іх сітуацыя. І мы нагружаем доктара тым, што проста трэба выдаць болеспатольныя чалавеку», – мяркуе доктар, прафсаюзны актывіст Станіслаў Салавей.

Паводле нашых экспертаў, новы закон не залагодзіць праблемы чэргаў і занятасці спецыялістаў. Больш эфектыўным было б развіццё медычнай інфраструктуры і перавод дакументацыі ў лічбавы фармат.

«Каб адным клікам можна было паўторны рэцэпт узяць – проста паставіць галачку. Каб чалавеку не трэба было наогул у паліклініку хадзіць: каб у аптэку прыйшоў і там убачылі, што ёсць у яго гэты рэцэпт. У зачаткавым стане дзесьці ў менскіх паліклініках, аптэках у пэўнай ступені гэта існуе: у РУП «Белфармацыя» з гэтымі зялёнымі карткамі можна купіць нешта. Але дзесьці гэта можна, дзесьці нельга», – кажа Мая Церакулава.

Галоўнай жа прычынай рэцэптурнай аптымізацыі / эксперты называюць недахоп медыкаў. Згодна з Нацыянальным банкам вакансіяў, цяпер у краіне шукаюць 4779 дактароў-спецыялістаў. Ня лепшая сітуацыя і з малодшым медычным персаналам: у больніцах не стае 3730 медсясцёр і 3029 санітараў. Пры гэтым чыноўнікі не перастаюць хваліцца, што заробак дактароў у паўтары разу вышэйшы за сярэдні ў краіне.

«У медыцыне ідзе хранічная перапрацоўванне… Усе працуюць на стаўку і тры, стаўку і чатыры. Гэта ўжо стварае ілюзію большага заробку. Гэта значыць, заробак у доктара ўмоўна ў паўтара разу вышэйшы за сярэдні ў краіне, але доктар працуе паўтары стаўкі, – гэта, атрымваецца, заробак звычайны сярэдні для краіны, проста ён працуе больш», – кажа Станіслаў Салавей.

Палітычная сітуацыя ў краіне, перапрацоўванне, невысокія заробкі ў параўнанні з еўрапейскімі становяцца прычынай міграцыі спецыялістаў за мяжу. Затрымаць гэты працэс рэжым спрабуе рознымі метадамі: ад павелічэння тэрміну адпрацоўвання пасля сканчэння ВНУ (з 5 да 10 гадоў) – да падвышэння заробку. Сёлета на аплату працы ў сістэме аховы здароўя дадаткова вылучылі дзесяць з паловаю мільёнаў рублёў. Калі браць пад увагу тое, што ў краіне налічваецца больш за трыста восем тысяч медычных працаўнікоў, надбаўка кожнаму з іх складзе трыццаць чатыры рублі.

Наста Печанькова, «Белсат»