Беларусь за жалезнаю заслонаю


Сёння ўночы Фінляндыя зачыніла чатыры з васьмі памежных пераходаў з Расеяй на паўднёвым усходзе краіны, праз якія праходзіць большая частка міграцыйнага патоку паміж дзвюма краінамі. Таксама ў пунктах пропуску ўсталююць загароды. Прычына закрыцця пераходаў – павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў, якія намагаюцца трапіць у Еўразвяз.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На закрытых пунктах пропуску памежныя бар’еры апускаюцца, а на дарозе праз мяжу ставяцца блокпасты для спынення руху. Акрамя таго, на дзяржаўнай мяжы пастаўлены бар’ер для перадухілення несанкцыянаванага пераходу граніцы людзьмі і для абазначэння месца пераходу мяжы», – заявіў кіраўнік памежнай службы Фінляндыі Міка Руткёнэн.

Паводле Памежнае службы Фінляндыі, за апошні тыдзень трапіць у краіну з тэрыторыі Расеі спрабавалі каля трохсот мігрантаў з Іраку, Емену, Самалі і Сірыі. Значная частка з іх – на роварах. Хельсінкі абвінаваціў расейскія ўлады ў наўмысным стварэнні мігранцкага крызісу ў адплату за пастанову далучыцца да НАТО і пашырыць супрацу з ЗША ў галіне абароны.

«Відавочна, што расейскія ўлады спрыялі пераходу мяжы з Расеі ў Фінляндыю. Не выключана, што гэтая форма нелегальнага заезду, якую мы цяпер назіраем, можа хутка і значна павялічыцца і ўзмацніцца. Гэта ўжо стварае нагрузку на фінскія ўлады», – паведаміла міністарка ўнутраных справаў Фінляндыі Мары Рантанэн.

Услед за Фінляндыяй да закрыцця сухапутнае мяжы з Расеяй рыхтуюцца Эстонія і Нарвегія. Былы прэм’ер Фінляндыі, а цяпер кандыдат на прэзідэнцтва Александэр Стуб вярнуў у парадак дня забыты выраз «жалезная заслона».

«Еўропа падзеленая на дзве часткі, паміж якімі апусцілася новая жалезная заслона. З аднаго боку – Расея і Беларусь, з другога – каля 45 еўрапейскіх краінаў», – заявіў прафесар, вылучэнец у кандыдаты на прэзідэнцтва Фінляндыі Александэр Стуб.

За гэтаю заслонаю разам з Расеяй апынулася і Беларусь, з якой, уласна, і пачынаўся мігранцкі крызіс. Штодня памежнікі Літвы, Латвіі і Польшчы фіксуюць шматлікія спробы нелегальнага пераходу межаў з боку Беларусі. Парушальнікам спрыяюць службоўцы Беларусі.

«Расея пакрывала Беларусь у пытаннях знешняй палітыкі на міжнароднай арэне падчас гэтага крызісу. Сама гэтая акцыя каардынавалася Масквой. Але хто яе прыдумаў? Ці прыдумалі ў Крамлі, ці ў Менску? Гэта я дакладна не магу сказаць», – паведаміў доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Як вынік – цяпер частку памежных пераходаў з нашай краіны ў Еўразвяз перакрылі. А досвед рэжыму Лукашэнкі як адзін са спосабаў уплыву на Захад можа скарыстаць Расея, кажа Андрэй Казакевіч.

«Гэта хутчэй проста знайсці 20-30 розных спосабаў, каб уплываць на Еўропу. Усіх іх запусціць а далей глядзець. Калі нешта працуе – пашыраць інвестыцыі ў гэты кірунак, эскаліраваць сітуацыю. Калі не працуе – спусціць на тармазах», – дадаў Андрэй Казакевіч.

Абмежаванні на межах Фінляндыі ўвялі на тры месяцы. Калі колькасць нелегальных мігрантаў паменшыцца, у канцы лютага / забарону на пераход мяжы скасуюць.

Андрэй Сульжыц, «Белсат»