Паспець «пераабуцца» да 1 снежня


Каб «пераабуць» машыну з летніх апонаў у зімовыя, у кіроўцаў застаецца дванаццаць дзён. Але надвор’е не пакідае часу на роздум і прыспешвае ехаць на шынамантаж як мага хутчэй. Першы снег выпаў у большасці беларускіх гарадоў, месцамі паўстала галалёдзіца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На вуліцы мінусавая тэмпература і зʼявіўся першы сняжок? Значыць, трэба хутчэй ехаць на шынамантаж. Замяніць летнюю гуму на зімовую ўсе кіроўцы абавязаныя да першага снежня. Спяшаецца на шынамантаж і Васіль, кіроўца з дзесяцігадовым стажам. На пачатку кіравання аўтам ён не так моцна дбаў пра выбар гумы – і, здаралася, пры рэзкім тармажэнні машына не слухалася. Пасля гэткіх інцыдэнтаў на дарозе Васіль змяніў падыход.

«Вельмі важна сачыць за станам гумы, за станам бароздаў на ёй, мая яшчэ паслужыць гады два, а можа і тры», – кажа кіроўца Васіль Лепеш.

Мяняць апоны з летніх на зімовыя эксперты раяць у выпадку, калі дзённая тэмпература цягам тыдня трымаецца не вышэй за сем градусаў. Мы запыталі ў нашым тэлеграм-канале, падрыхтаваліся кіроўцы да зімовых умоваў на дарозе – або яшчэ не?

«Замяніў апоны тры тыдні таму. Не перабартоўваў, а толькі перакінуў на дысках з летніх на зімовыя, заплаціў 25 рублёў у Слуцку».

«Ідуць маразы. Людзі актыўна паехалі».

«Сёння агромністай чаргі не было, мой шынамантаж працуе па запісе. У суботу кіроўцы прачнуцца – і выстраяцца ў чаргу».

Зняць і паставіць, а таксама збалансаваць чатыры колы на шынамантажах у сталіцы абыдзецца ад 30 да 60 рублёў. Цэны на самую гуму перад сезонам падвысіліся: новыя апоны можна знайсці ад 87 да 1400 рублёў за штуку ў залежнасці ад вытворцы.

«Гэта не такі вялікі выдатак, каб на ім эканоміць, бо ў першую чаргу – гэта вашая бяспека. Па-другое, гэта эканомія на паліве, бо ездзячы на летняй гуме летам, і на зімовай узімку, гэта і ашчаджэнне тваіх грошай на паліве», – кажа кіроўца Васіль Лепеш.

Ашчадзіць можна і на самой на гуме, набываючы новыя апоны танных брэндаў, або былыя ва ўжыванні апоны ад вытворцаў-лідараў.

«Але гэта залежыць ад даты вырабу, свае характарыстыкі губляюць летнія апоны ўжо праз 8 гадоў, а зімовыя – праз 4 гады, яны становяцца як быў шклянымі і страчваюць свае характарыстыкі», – тлумачыць уладальнік аўташколы, кіроўца Дзяніс Герасімчык.

Галоўнай характарыстыкай для зімовых апонаў ёсць моцнае счапленне з дарогай. Яно дасягаецца за кошт адмысловага хімічнага складу гумы і больш глыбокага пратэктару. Для суворай зімы падыходзяць апоны з зігзагападобнымі канаўкамі або шыпамі, а для мяккай – так званыя ўсесезонавікі.

«Калі мяккая зіма і тэмпература трымаецца паміж +5 і −5, снег выпадае і тае, выпадае і тае – y гэтых абставінах усесезонныя шыны лепшыя за зімовыя ці летнія», – кажа ўладальнік аўташколы, кіроўца Дзяніс Герасімчык.

Патрабаванне правілаў дарожнага руху ездзіць на зімовай гуме са снежня да сакавіка кантралюецца інспектарамі ДАІ. Ігнараванне гэтага правіла абыдзецца даражэй за кошт замены апонаў: штраф складае трыццаць два рублі, а пры паўторным парушэнні – ад шасцідзесяці чатырох да ста шасцідзесяці рублёў.

Аліна Скрабунова, «Белсат»