Колькасць палітвязняў у Беларусі працягвае расці

Праваабаронцы заявілі пра прызнанне палітвязнямі яшчэ пяці асобаў. Юлію Лабунову, Арцёма Латышава і Ірыну Пярцову вінавацяць у хуліганстве за перформанс з надмагільным крыжам і партрэтам Лукашэнкі. Апроч таго Ірыну Пярцову, як і Кацярыну Макарэвіч і Паўла Сакалова, падазраюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання за кіраванне групамі ў Telegram.

Палітзняволеная Вольга Гарбунова трымае галадоўку на Акрэсціна з моманту затрымання 9-га лістапада. Актывістку затрымалі паводле падазрэння ў арганізацыі леташніх жаночых маршаў, але абвінавачвання не прадʼявілі. Вольга Гарбунова – былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», што дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту.

Аўтамабіль палітвязня Віктара Бабарыкі выставілі на аўкцыён на пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне». Гандляванні маюць адбыцца 2-га снежня. На пакаранага 14-цю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму Віктара Бабарыку накладзены штраф 5000 базавых велічыняў. Таксама з яго спагналі ў даход дзяржавы больш як 47 мільёнаў рублёў.

Пасля перапынку з 4-га лістапада аднавіўся судовы працэс у справе Сяргея Ціханоўскага. Суд над шасцю палітвязнямі ідзе амаль 5 месяцаў у будынку гомельскай турмы ў закрытым рэжыме. Усім фігурантам інкрымінуюць «масавыя беспарадкі», «распальванне сацыяльнай варожасці» ды іншыя цяжкія артыкулы Крымінальнага кодэксу. Неўзабаве чакаюцца спрэчкі бакоў, пасля якіх абвесцяць прысуд.

52-гадовую медсястру-анестэзістку з Горадні Валянціну Будрэвіч пакаралі двума гадамі «хатняй хіміі». Жанчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў беспарадках, а адным з доказаў віны прызналі магніт з выявай герба Пагоня, канфіскаваны з дому падчас ператрусу.

Ператрусы і затрыманні адбыліся ў Баранавічах і Наваполацку. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Баранавічах затрымлівалі прынамсі дзесяць чалавек, некаторых пазней адпусцілі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама