Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца


Мікалая Аўтуховіча прызналі палітычным вязнем. Напярэдадні яму прысудзілі 25 гадоў зняволенне. Такі вырак шакаваў грамадскую супольнасць Беларусі, як і нялюдскія выракі іншым фігурантам справы. Аднак навіны пра затрыманні і «пасадкі» працягваюць з’яўляцца без перапынку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Менску сілавікі прыйшлі да Дарʼі Лосік, жонкі палітзняволенага блогера Ігара Лосіка. Сёлета яго прысудзілі да 15 гадоў зняволення ў так званай справе Ціханоўскага. У кватэры маладзёнаў правялі ператрус. А саму дзяўчыну затрымалі на тры дні і вывезлі ў Берасце. Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч патлумачыў пераслед маладой жанчыны:

«Яна за сваім мужам гатовая ісці і ў ваду, і ў полымя. І таму яе вось такая беспрэцэдэнтная смеласць, прынцыповасць у пытаннях каментавання таго, што адбываецца з мужам у засценках, у зняволенні – яна прымушае рэжым шукаць падставы для таго, каб прымусіць яе замаўчаць».

Пазней у адным з тэлеграм-каналаў сілавікоў зʼявілася так званае «пакаяльнае» відэа Дарʼі. Яна патлумачыла прычыну свайго затрымання: інтэрвʼю тэлеканалу «Белсат».

Таксама сталася вядома пра крымінальную справу супраць экскурсавода, краязнаўцы і журналіста Ігара Хмары. Яго вінавацяць нібыта ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. За гэта пагражае пазбаўленне волі – да чатырох гадоў. Змястоўна гэта – працэс узяцця пад кантроль, рэпрэсіяў, застрашвання людзей у гэтай сферы, – лічыць калега Ігара Хмары, экскурсавод Мікіта Моніч. Юрыдычна, на ягоную думку, – былі падставы: адсутнасць атэстацыі і пры тым актыўнасць, падобная на экскурсіі, нават калі названа як-небудзь па-іншаму. І беларуская мова – як маркер, які можа выклікаць дадатковую цікаўнасць усіх гэтых сілавікоў да чалавека.

Ігара Хмару ўжо затрымлівалі сёлета 2 жніўня падчас таго, як ён праводзіў экскурсію па Менску. Падставаю нібы сталася тое, што мужчына размаўляў па-беларуску.

Праўда, ёсць і добрыя навіны. На волю выйшла адвакатка Яніна Юргілевіч, якую затрымалі ўчора ў Горадні перад самым абвяшчэннем выраку ў так званай справе Аўтуховіча. Спадарыня Яніна была абаронцай аднаго з фігурантаў той справы. Прычыны затрымання, вядома ж, не паведамляюцца. Яшчэ раней затрымалі і дачку Юргілевіч Юлію, таксама адвакатку, якая абараняла Алеся Пушкіна, Ігара Банцэра ды іншых. Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч канстатуе:

«Любыя прадстаўнікі адвакацкай супольнасці, якія хаця б нейкімі сваімі дзеяннямі дэманструюць ці то нелаяльнасць рэжыму, ці то гатоўнасць абараняць правы людзей, якія рэжымам пераследуюцца – становяцца мішэнню для прадстаўнікоў рэжыму. Відавочна, што адвакацкая супольнасць вынішчаецца і вычышчаецца з дваццатага года планамерна, канкрэтна».

У Баранавічах закрылі краму «Росквіт», якая гандлявала таварамі з беларускай нацыянальнай сімволікаю. За дзень да гэтага на праўладных тэлеграм-каналах зʼявіўся допіс пра тое, што там гандлююць нейкай «забароненай паліцайскай сімволікай». Гаспадар гандлёвай кропкі Юрый Казакевіч быў затрыманы на тры дні нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». У Каментары для «Белсату» вядомы культуролаг, кіраўнік аналітычнай групы Беларускай Рады культуры Максім Жбанкоў адзначыў:

«Тое, што небяспечнымі зʼяўляюцца проста нават спалучэнні колераў, нейкі нацыянальны дэкор ці штосьці яшчэ, гэта выклікае ў мяне дзве вельмі істотных рэчы. Першая – тое, што дзяржава абсалютна бездапаможна ў гэтым супрацьстаянні. Акрамя паліцэйскіх мер яна проста нічога не мае. А другая добрая навіна – тое, што мы ўсё робім правільна!»

Тым часам адміністрацыі гандлёвага цэнтру «настойліва параілі» зрабіць так, каб болей – ніякага «Росквіту»!

Марына Яновіч, «Белсат»