Белполаўцы: «Мы ведаем цалкам усю сістэму бяспекі рэзідэнцыі Лукашэнкі!»


«Душ уражанняў», пакой для ад’ютанта і паўсюдная раскоша за бюджэтныя грошы. Абʼяднанне былых афіцэраў-праваахоўнікаў «BELPOL» апублікавала падрабязнае расследаванне аб тым, як Аляксандр Лукашэнка збудаваў сабе новую рэзідэнцыю – пасля прынамсі 17-ці вядомых па ўсёй Беларусі. Расследаванне вылучаецца дакладнасцю і падрабязнасцю дакументаў, схемаў і чарцяжоў. Падобна, цяпер у Службе бяспекі Лукашэнкі паляцяць галовы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менчукі ведаюць гэты будынак па вуліцы Чырвонаармейскай, 15 у стылі «Сталічны ампір». Палац з калонамі, заўважны, калі ісці ад стадыёну «Дынама» ў бок парку Горкага, або ад адміністрацыі Лукашэнкі да трамваю. Яго будавалі ў 1960-я, як станцыю юных натуралістаў. Нядаўна тут значылася аддзяленне афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру. А цяпер будзе новы палац Лукашэнкі, сцвярджаюць афіцэры з «BELPOL».

«Побач знаходзяцца Адміністрацыя Лукашэнкі, Савет Бяспекі, Упраўленне справамі прэзідэнта, Канстытуцыйны Суд, Савет Рэспублікі і “Прэзідэнт-Гатэль”. Па-другое, асобна варта вылучыць будынак Цэнтральнага Апарату Аператыўна-аналітычнага цэнтру, а таксама будынак Аператыўна-тэхнічнай службы ААЦ. Праз дарогу Гарадская клінічная больніца №2, а таксама былая прэзідэнцкая клініка», – распавядае на відэа Андрэй Астаповіч.

Паводле дзясяткаў дакументаў, якія спраўдзіў і «Белсат», за прынамсі 43 млн беларускіх рублёў з бюджэту Упраўленне справамі Лукашэнкі зрабіла рэканструкцыю будынку, каб у ім камфортна мог жыць і працаваць неназваны «кіраўнік». Рэканструкцыя, праўда, зацягнулася і патрабуе яшчэ грошай. Але, паводле накладных, закупы прадметаў раскошы працягваюцца. Інфармацыю «BELPOL» атрымаў адразу з некалькіх крыніцаў.

«Прысутнічаюць дакументы, на якіх пастаўленая гербавая пячатка, таксама подпісы людзей, паказаныя праўдзівыя рэквізіты, якія спраўдзіць вельмі лёгка. Плюс гэта можна паглядзець на агульных мапах, на Гугл-мапах і гэтак далей. Плюс нам ужо напісалі людзі, і пацвердзілі нашую інфармацыю, якую мы ў тым ліку перадавалі і “Белсату”, што працы яшчэ не скончаныя», – распавёў «Белсату» прадстаўнік «BELPOL» Матвей Купрэйчык.

З дакументаў «для службовага карыстання» вынікае, што на розных паверхах будынку арганізаваныя розныя зоны: для перамоваў, для прэс-канферэнцыяў, кабінет. Але ёсць і басейн, гідрамасажныя ванны, крыясаўна, звычайная саўна, турэцкая саўна, адмысловы салярый, масаж і гэтак далей – усё для першага цела. Цэнтральнае месца ў кампазіцыі спа-комплексу займаюць два «душы ўражанняў» пад назвамі «Тропика» і «Сибирская ночь». Усё гэта ў стылі «VIP».

«Расследаванне “BELPOL” – гэта самае комплекснае расследаванне адносна нейкай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, якое выходзіла ўвогуле за ўсю гісторыю беларускай незалежнай прэсы. Фрагментарна раней таксама выходзілі падобныя расследаванні, але яны былі разбітыя на некалькі частак і часам былі адлеглыя ў часе. Напрыклад, “Белсат” выкрыў 17-ю рэзідэнцыю Лукашэнкі, але партал “Nexta” Сцяпана Пуцілы праз год апублікаваў частку дакументаў адносна гэтай жа рэзідэнцыі», – нагадвае кіраўнік рэдакцыі тэленавінаў «Белсату» Ігар Кулей.

Гэтак, «Белсат» паказаў 17-ю рэзідэнцыю Лукашэнкі ў Шаршунах у Менскім раёне.

Мы змаглі зняць яе на відэа з дрону. Прапагандысты Лукашэнкі адмаўлялі, што гэта ягоны маёнтак, а потым увялі над ім беспалётную зону.

Інфармацыя пра «палац натуралістаў» Лукашэнкі – значна больш падрабязная. З дакументаў можна даведацца нават, якія кнігі закупілі ў бібліятэку чарговай рэзідэнцыі. І ёсць дакладны план самага сакрэтнага, трэцяга паверху.

«Цікавым месцы на паверсе зʼяўляецца пакой дзяжурнай аховы і адʼютанта. Нават на сваім асабістым паверсе дыктатар вылучыў для гэтага асобнае месца. У гэтым памяшканні ўсталяваная відэа-сцяна з 6 тэлевізараў, каб нічога не знікла ад позірку састарэлага дзеда», – распавядае на відэа Матвей Купрэйчык.

Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання BELPOL аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL

Цяпер усё гэта дасяжнае белполаўцам і журналістам нават у фармаце 3D-рэканструкцыі.

«Дзе знаходзіцца кожная разетка ў гэтым будынку, дзе якая лямпачка ўкручаная, які там цокаль і гэтак далей. Мы ведаем пра гэтую рэзідэнцыю зусім усё. Таўшчыню сценаў, як яны армаваныя, дзе якая рашотка, дзе няма рашоткі, дзе пастаўленыя камеры. Мы ведаем цалкам усю сістэму бяспекі», – падкрэсліў прадстаўнік «BELPOL» Матвей Купрэйчык.

Падобнымі выцекамі інфармацыі заўжды карысталіся спецслужбы, напрыклад, савецкі КДБ. І цяпер могуць скарыстацца.

«Натуральна, гэтую рэзідэнцыю расейцы будуць выкарыстоўваць для кантролю, і такія планы, як правіла, будуць вельмі каштоўныя для іх, і яны іх адназначна выкарыстаюць, як для праслухоўвання, так і для кантролю. Так могуць быць і зробленыя нейкія закладкі, напрыклад, з хімічнымі, радыеактыўнымі ці выбуховымі рэчывамі», – мяркуе палкоўнік контрвыведкі ў запасе СБУ Міхайла Прытула.

Але наўрад ці «BELPOL» рыхтаваў у гэтым выпадку штосьці, акрамя палітычнай публікацыі.

«Калі б яны штосьці рыхтавалі, яны б пра гэта маўчалі. А калі яны гэта публікуюць, то маюць зусім іншыя мэты. Нагнаць параноі, падставіць нейкага канкрэтнага дзяржаўнага пасадоўца, каб пачаўся працэс высвятлення, а хто, як, чаму?» – тлумачыць Міхайла Прытула.

На сёння вядома прынамсі пра 17 рэзідэнцыяў Лукашэнкі. Разбудоўвацца за дзяржаўны кошт ён пачаў у 1998-м годзе, выгнаўшы замежных амбасадараў з пасёлку «Дразды».

Яраслаў Сцешык, «Белсат»