Што хавае афіцыйная статыстыка?


Аб’ём валавога ўнутранага прадукту за сем месяцаў склаў 117,2 млрд рублёў, заяўляе Белстат. Паказваючы пры гэтым рост у параўнанні з мінулым годам – 102,9 %. Але далёка не ўсёй інфармацыяй установа дзеліцца гэтак ахвотна.

«Эканамічным аналітыкам бракуе інфармацыі пра вонкавы гандаль. Там бракуе разбіўкі па краінах і некаторых катэгорыях. Аб бюджэце па фіскальным сектары таксама не стае звестак, аб эканамічнай канʼюнктуры», – кажа аналітык BIPART Наталля Рабава.

Разбіўку Белстат адмяніў у шэрагу справаздачаў. Да прыкладу, апублікавалі лічбу грузаабароту за студзень – ліпень – 41,3 млрд тона-кіламетраў. Але размеркаванне па вобласцях і відах транспарту заканчваецца 2021-ым годам. Раней такія звесткі маглі атрымаць платныя падпісчыкі, цяпер гэта немагчыма.

«Сам факт таго, што хаваюцца звесткі, сведчыць пра тое, што ў беларускай эканоміцы так ці іначай не да лепшага. Бо калі прыходзіцца дзяржаве жыць у паўлегальным становішчы, нешта прыхоўваць, то гэта дрэнны факт», – адзначае каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка.

З 2019-га года перасталі публікавацца звесткі пра смяротнасць і нараджальнасць, а таксама пра міграцыю. 2020-ым годам заканчваецца статыстыка пра колькасць пенсіянераў, магутнасць электрастанцыяў і вытворчасць энергіі. З 2021-га не абнаўляецца шэраг эканамічных звестак, як ВУП у бягучых коштах, каэфіцыент выкарыстання вытворчых магутнасцяў ці водпуск насельніцтву паліўна-энергетычных рэсурсаў.

«Пры гэтым некаторыя ведамствы толькі хаваюць. Напрыклад, Нацбанк, ці Мінфін, ці Белстат, а Міністэрства аховы здароўя груба маніпулюе і нават, наколькі мы бачым, падрабляе звесткі», – кажа Наталля Рабава.

У красавіку рэжым абгрунтаваў закрыццё інфармацыі адмысловым дакументам.

«Па рашэнні Нацыянальнага статыстычнага камітэту можа быць абмежаваны распаўсюд і (або) наданне карыстальнікам афіцыйнай статыстычнай інфармацыі, (…) калі яе распаўсюд і (або) наданне можа прычыніць шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, грамадскаму парадку, маральнасці, правам і законным інтарэсам юрыдычных і фізічных асобаў», – гаворыцца ў Пастанове Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь № 14.

Якія звесткі публікаваць, вызначае Праграма статыстычных працаў, але пазіцыі ў ёй вельмі агульныя.

«Гэта таксама аўтакратычная традыцыя – прымаць гумавыя дакументы, у якія можна што заўгодна запхнуць і каб без усялякай аргументацыі. Цяпер выглядае, што любыя звесткі можна назваць небяспечнымі для нашай эканомікі, для нашай дзяржавы, і іх такім чынам схаваць», – кажа Вадзім Мажэйка.

Якія ж звесткі спрабуе схаваць рэжым?

«Рэжым пачаў хаваць звесткі, якія, па-першае, могуць паказаць уплыў санкцыйнай палітыкі на эканоміку Беларусі. У першую чаргу, гэта паказнікі вонкавага гандлю таварамі. І па-другое – уплыў палітычных рэпрэсіяў на стан беларускага грамадства, гэта вонкавая працоўная міграцыя», – пералічвае навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Алег Мазоль.

Спробы схаваць статыстыку ўскладняюць працу аналітыкам, але неабходную інфармацыю можна атрымаць з іншых крыніцаў.

«Нават калі рэжым Лукашэнкі схавае або сказіць статыстыку пра адток насельніцтва, напрыклад, то ўсе, хто зʼехаў з Беларусі, усё роўна будуць адлюстраваныя ў базах іншых краінаў і міжнароднай статыстыкі. Або калі браць статыстку вонкавага гандлю, калі рэжым хавае звесткі пра экспарт, то іншыя краіны ўсё адно будуць адлюстроўваць імпарт з Беларусі», – кажа Алег Мазоль.

Адсутнасць жа статыстычных звестак шкодная не толькі незалежным аналітыкам, але і самому рэжыму. Бо чым менш дакладных лічбаў, тым горшая якасць планавання і кіравання.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»