Цягнікоў стане менш, праезд падаражэе


Транспартнай галіне бракуе грошай. Беларуская чыгунка скарачае колькасць цягнікоў рэгіянальных лініяў эканомкласу і адначасова павышае тарыфы на перавоз пасажыраў і багажу цягнікамі міжрэгіянальных, рэгіянальных і гарадскіх лініяў. Ня толькі чыгунка сутыкнулася з фінансавымі праблемамі. Міністэрства транспарту паведаміла, што на будаўніцтва і рамонт дарог не стае пяцісот мільёнаў долараў.

Змена раскладу руху і адмена цягнікоў. Цягам другой паловы жніўня з табло паступова знікнуць блізу 30-ці рэйсаў рэгіянальных лініяў. Беларуская чыгунка тлумачыць гэта прывядзеннем памераў руху ў, цытата, «адпаведнасць з фактычным попытам на перавозы».

«Гэта адаб’ецца на тых жыхарах Менскай вобласці, у якіх працоўны графік такі, што ім трэба было ездзіць тымі цягнікамі, якія скарочаныя. 414 438 Людзям будзе горш даязджаць у некаторыя месцы. Тым больш, што ёсць месцы, куды цягнік – гэта адзіная магчымасць нармальна даехаць», – адзначае блогер Канстанцін Шыталь.

На сайце petition.by ужо зʼявілася петыцыя за захаванне цягніка Маладзечна – Менск, які адпраўляецца а 19:50. Яе падпісалі больш за 150 чалавек. Апроч зменаў у раскладзе, з пачатку жніўня чыгунка павысіла кошты на праезд і правоз багажу ад 5-ці да 15-ці адсоткаў. Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначае, што перавозы пасажыраў датаваліся за кошт больш дарагіх грузаперавозаў. Цяпер грузапаток значна скараціўся, у тым ліку праз заходнія санкцыі.

«Чыгунка не мае грошай сёння. Ёй сказалі, з бюджэту на датацыі можаце не разлічваць, зарабляйце грошы альбо мінімізуйце кошты. Як кожная дзяржаўная манаполія, яна робіць гэта за кошт камфорту ці за кошт грошай людзей. Калі б яны захацелі захаваць электрычкі, яны б падвысілі кошты на 30 – 50 %, але гэта была б непапулярная мера», – падкрэсліў Яраслаў Раманчук.

Бракуе грошай і Міністэрству транспарту і камунікацыяў. Праз заходнія санкцыі шэраг еўрапейскіх банкаў адмовіўся крэдытаваць будаўніцтва і рамонт беларускіх дарог. Аднак заглыбляцца ў праблему санкцыяў Аляксандр Лукашэнка ня хоча. Учора ён запатрабаваў ад міністра транспарту падтрымліваць у адпаведным стане транспартавую сетку і будаваць новыя дарогі, каб свабодна даязджаць да аграгарадкоў.

«Я нават не хачу заглыбляцца ў праблему санкцыяў, што датычыць вас. Будучы транзітнаю краінаю, вы проста абавязаны забяспечыць нармальнае функцыянаванне гэтага транспарту», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Дзеля рэалізацыі запланаваных абʼёмаў рамонту і аднаўлення дарожнай інфраструктуры Міністэрству транспарту трэба каля паўмільярда долараў. Цяпер іх спрабуюць атрымаць у Еўразійскім банку развіцця і Экспартна-імпартным банку Кітаю.

Ігар Станкевіч «Белсат»