Бабарыка зноў намякнуў, што Лукашэнку могуць расстраляць


Шум машынаў, ланцугі салідарнасці. Гэтак роўна год таму Менск адрэагаваў на затрыманне Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Гэта было чарговае затрыманне патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва. Раней арыштавалі палітыкаў Сяргея Ціханоўскага, Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча.

«Вы лічыце, што выбары не фальсіфікуюць? Я лічу, што любыя выбары – гэта воля народу. Волю народу фальсіфікаваць немагчыма», – казаў Віктар Бабарыка яшчэ перад гэтымі арыштамі.

Палітык заяўляў што ані яго, ані чальцоў ягонага штабу няма за што затрымоўваць, а калі кагосьці забяруць, то яны напішуць заяву ў міліцыю.

«Думаю, што ён проста адлюстроўваў агульны настрой. Людзі верылі ў рацыянальнасць Лукашэнкі і праваахоўнай сістэмы. Думалі, што ўсё роўна ёсць нейкія рамкі прававыя, якія гарантаваныя дзяржавай», – зазначае доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

І каманда Бабарыкі дзейнічала выключна прававымі метадамі. Ініцыятыўная група амаль 9 тысячаў чалавек падала ў Цэнтральную выбарчую камісію 367 179 подпісаў – рэкордную большасць сярод кандыдатаў. Аднак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, парушаючы прэзумпцыю невінаватасці, проста не зарэгістравала кандыдата, нібыта ён здзейсніў крымінальнае злачынства.

«У яго сын знаходзіцца ў зняволенні. Многіх сяброў арыштавалі, зразумела, што гэта палітычна матываваныя арышты. Таму бываюць такія дні, калі факусуешся на негатыве. Але ў яго такі характар, ён знаходзіць у любой сітуацыі пазітыўныя моманты і на іх канцэнтруецца», – каментуе стан палітвязня Максім Баграцоў са штабу Віктара Бабырыкі.

Сёння выданне РБК апублікавала адказ Віктара Бабарыкі, у якім ён чарговы раз намякнуў, што Лукашэнка можа скончыць, як расстраляны Нікалае Чаўшэску:

«Падзеі з траўня да жніўня 2020-га развіваліся так імкліва, што ніхто не паспеў зрэагаваць. І не дай Бог, калі рэалізуецца сцэнар Румыніі, ад гэтага ніхто не выйграе. Хоць цяпер падаецца, што ў Беларусі гэтага не можа быць, але імавернасць насамрэч існуе».

У Вільні пад амбасадаю сабраліся чальцы штабу Віктара Бабарыкі ды іншыя беларусы:

«Гадавіна, як быў арыштаваны адзіны сур’ёзны супернік Аляксандра Лукашэнкі, які мог вынесці яго ў першым туры і стаць новым прэзідэнтам».

«Рэжым пранізаны ілжывым фарсам. Яны забіваюць, яны крадуць, яны скрываюць злачынствы».

«Такіх мужчынаў варта баяцца, бо яны на парадак, на галаву вышэйшыя за яго».

Віктара Бабарыку абвінавачваюць у гэтак званым адмыванні сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ў хабарніцтве. Палітвязень сваёй віны не прызнае.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»