Мазырскі НПЗ нарошчвае экспартныя магутнасці


Мазырскі НПЗ моцна нарасціў вытворчасць паліва, у тым ліку авіяцыйнага. Цягам апошніх 10 дзён яго актыўна адпраўляюць чыгункай у Расею – справаздачыцца Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На шчасце, сёння працуе без перабояў мадэрнізаваны, і вы запраўляецеся палівам мазырскага НПЗ», – справаздачыўся расейскім журналістам Лукашэнка ў красавіку.

Ад станцыі Барбароў, што на поўдзень ад Мазыра, цягнікі з палівам з беларускага НПЗ рушаць у Расею адразу ў некалькіх кірунках. Першы – у бок Санкт-Пецярбургу і Петразаводску, другі – у бок Масквы і Падмаскоўя, трэці – у бок Курску. Акурат у апошнім месціцца вайсковы аэрадром, адкуль узлятаюць самалёты з кіраванымі авіябомбамі для атак на Украіну.

«Калі мы кажам пра Мазырскі НПЗ, пра ўвесь аб’ём, то гэта будзе каля 9-10 мільёнаў тонаў штогод, і гэта будзе даваць 1-2 мільярды прыбытку дакладна», – разважае Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў.

Гэта адбываецца на фоне знядзеяння абʼектаў нафтавай інфраструктуры па ўсёй Расеі. Прычына – атакі ўкраінскіх беспілотнікаў.

Так, у гэтую пятніцу пацярпеў Новарасійскі мазутны завод. У той жа дзень пасля серыі трапных удараў спыніў працу нафтаперапрацоўчы завод у Туапсе.

Прычым НПЗ у Туапсе не першы раз робіцца мішэнню ЗСУ. Пасля атакі ў студзені ён не працаваў ажно тры месяцы. Агулам ад пачатку года Украіна здзейсніла некалькі дзясяткаў атак на аналагічныя абʼекты ў РФ.

«Расея адчувае сурʼёзны недахоп нафтапрадуктаў любога прызначэння, і яна з краіны – чыстага экспарцёра нафтапрадукцыі паступова можа ператварыцца ў імпарцёра, – мяркуе вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка. – Усё гэта прымушае яе звяртацца да імпарту нафтапрадукцыі з іншых краінаў або нават не чыстай нафтапрадукцыі, а перапрацаванай, якую немагчыма вырабіць цяпер у спакойных умовах на НПЗ у еўрапейскай частцы РФ».

Для патрэбаў расейскага вайсковага сектару напоўніцу працуюць не толькі беларускія НПЗ, але і абаронныя прадпрыемствы. Як вынік расце ВУП Беларусі. Ад студзеня да красавіка – плюс 5 цэлых і 1 дзясятая адсотка.

«Уся расейская эканоміка працуе на гэтых шалёных ваенных грошах, – кажа Рыгор Ніжнікаў. – І Беларусі гэта тычыцца наўпрост, бо Беларусь наўпрост працуе на расейскую «абаронку». Мы не ведаем памераў, бо гэта і паліва, і камплектуючыя, і рознае абсталяванне – усё, што можна».

Але ці ёсць рызыка, што ЗСУ могуць разглядаць як законную цэль, напрыклад, Мазырскі НПЗ, прадукцыю з якога выкарыстоўваюць расейскія бамбавальнікі. Прытым, што сам завод месціцца акурат непадалёк мяжы з Украінаю.

«Я так не думаю, бо ў гэтым выпадку гаворка вядзецца не пра наўпроставую агрэсію Беларусі супраць Украіны. У выпадку, калі такое адбудзецца (хаця гэта і малаімаверна), толькі тады гэта будзе падставай, каб наносіць адпаведныя ўдары па тэрыторыі Беларусі і ў першую чаргу, вядома, па НПЗ», – дадае Аляксандр Каваленка.

«Палякам і іншым пакрыкваюць, каб па па Мазыры ўдарыць, па НПЗ. Маўляў, яны ж агрэсару пастаўляюць паліва для ваенных патрэбаў у тым ліку, значыць, законная мэта», – хвалюецца Лукашэнка.

Цягам апошніх гадоў на НПЗ у Мазыры прайшоў працэс мадэрнізацыі вытворчасці. Да таго ж летась там зладзілі капітальны рамонт. Аднак пасля страты ўкраінскага рынку і ўвядзення санкцыяў НПЗ быў ва ўразлівым стане. Выглядае, зараз сітуацыя палепшыцца.

Ян Федаровіч, «Белсат»