Беларусы Варшавы адзначаюць 80-ыя ўгодкі Бітвы пад Монтэ-Касіна


80 гадоў мінула з адной з найбуйнейшых баталіяў у Заходняй Еўропе. Яе пераможцамі былі ў тым ліку і беларусы. Гістарычная бітва, у хадзе якой польскі армейскі корпус пад камандаваннем генерала Андэрса разбіў сілы вермахту, адбылася пад Монтэ-Касіна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ушанаваць памяць герояў Бітвы пад Монтэ-Касіна, у тым ліку – сваіх землякоў. Беларусы Варшавы ўрачыста ўсклалі кветкі да помніку ў гонар палеглых ваяроў.

«Бітва сведчыць аб тым, што вайна адбывалася не толькі на ўсходзе, як гэта сёння нам спрабуюць данесці расейскія і беларускія прапагандысты. Яна адбывалася на розных тэатрах, у тым ліку ў Паўднёвай Еўропе. І ў гэтай бітве таксама ўдзельнічалі беларусы. Што ўводзіць нас у сусветны кантэкст», – кажа прадстаўнік Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Ігар Станкевіч.

«Тады, 80 гадоў таму назад, палякі, беларусы, украінцы перамаглі нацыстаў. Але гэтая перамога не дала свабоды. Таму што Захад меў саюзнікам злачынца Сталіна», – мяркуе прадстаўнік руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Бітва пры Монтэ-Касіна завяршылася 18 траўня 1944 года. Тады жаўнеры арміі генерала Андэрса прарвалі лінію Ґустава – нямецкія ўмацаванні на шляху да Рыму. Перамога над гітлераўцамі дала магчымасць вызваліць Вечны горад, а пазней і ўсю Італію – аднак якою цаною?

«Аб зацятасці гэтых баёў сведчаць страты. На працягу ўсяго некалькіх дзён польскі корпус страціў каля тысячы жаўнераў забітымі і некалькі тысячаў параненымі. Яшчэ некалькі тысяч зніклі без вестак», – кажа гісторык Юрый Грыбоўскі.

Сярод палеглых у Бітве пры Монтэ-Касіна былі прынамсі 180 этнічных беларусаў. Да Другога польскага корпусу пад камандаваннем Владыслава Андэрса нашыя землякі з Заходняй Беларусі далучыліся ў 1941-м. Тады Савецкі Саюз і польскае кіраўніцтва ў выгнанні падпісалі пагадненне аб стварэнні арміі з грамадзянаў падзеленай паміж Масквой і Берлінам Польшчы. Яны былі вязнямі сталінскіх лагераў.

«Гэта былі ваеннапалонныя польскай арміі, якія апынуліся ў савецкім палоне ў верасні 1939 года, а таксама ахвяры чатырох дэпартацый, якія адбываліся з Заходняй Беларусі ўглыб Савецкага Саюзу ў 1940 і 1941 годзе…» – тлумачыць гісторык Юрый Грыбоўскі.

Пасля вайны частка жаўнераў з арміі Андэрса засталася на Захадзе. Тых жа, хто паддаўся савецкай прапагандзе і вярнуўся дадому, чакала дэпартацыя ў Сібір і Казахстан. Паводле гісторыка Паўла Церашковіча, менавіта гэты факт ёсць адною з прычынаў неўшанавання ў сучаснай Беларусі памяці ваяроў, якія змагаліся з нацызмам у складзе польскай арміі. А па-другое…

«Мы бачым тую кампанію, якая вядзецца супраць палякаў, супраць польскай мовы. Забараняюць нават курсы польскай мовы, руйнуюць польскія могілкі. Зразумела, у гэтым кантэксце ўзгадваць Бітву пад Монтэ-Касіна нязручна», – зазначае гісторык Павел Церашковіч.

Пакінуў гэты свет і апошні беларус, які ўдзельнічаў у Бітве пад Монтэ-Касіна, – Якуб Конан. Ён памёр у 2012 годзе ва ўзросце 99 гадоў і пахаваны пад Маладзечнам.

Наста Печанькова, «Белсат»