Пратэст беларуса ў Вільні


Беларус Арцём Ярмак паставіў намёт побач з Дэпартаментам міграцыі ў Вільні. Ды абвесціў галадаванне, бо незадаволены доўгім разглядам справы аб легалізацыі ў Літве. Ён чакае рашэння ўжо 14 месяцаў, хаця мусіў атрымаць адказ за паўгода. Пасля пачатку акцыі прадстаўнік Дэпартаменту міграцыі звязаўся з беларусам.

«Дэпартамент міграцыі выйшаў са мной на сувязь. Там сказалі, што сваю задачу выканалі – разгледзелі маю справу. Але яна тармазіцца ў службе дзяржбяспекі Літвы. Магчыма таму, што я быў супрацоўнікам МУС, сядзеў у СІЗА КДБ», – лічыць Ярмак.

Арцём Ярмак – колішні прапаршчык палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Яго звольнілі ў 2012 годзе ў сувязі з парушэннем умоваў кантракту. Улетку 2021-га былога сілавіка арыштавалі як фігуранта справы аб падпале дому дэпутата Алега Гайдукевіча. Ярмака вінавацілі ў даванні парадаў аб падпале, то бок у суўдзеле ў «тэрарызме». Але пасля 109 дзён у СІЗА КДБ выпусцілі пад «абавязак аб яўцы». Ён здолеў пакінуць краіну.

«На мяне ў КДБ не было ніякай інфармацыі, і ніякай інфармацыі я ім не даваў. Іхныя рэальныя намеры на мой конт былі невядомыя. Але мне сказалі, што пакуль магу ісці дадому», – успамінае Ярмак.

Выйсці пад літоўскі Дэпартамент міграцыі Арцёма Ярмака змусіла не толькі ягоная справа, а агулам доўгі тэрмін разгляду дакументаў беларусаў. Зрэшты, у Дэпартаменце міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных справаў Літоўскай Рэспублікі нам прызналіся пра існаванне гэткай праблемы. Хоць і не назвалі ліку пратэрмінаваных разглядаў: «Шкада, што праз павялічаную нагрузку разгляд заяваў некаторых фізічных асобаў займае больш часу. Аднак Дэпартамент міграцыі прыкладае ўсе намаганні, каб як мага хутчэй зліквідаваць затрыманні».

Дакладна не вядомая статыстыка датычна тэрміну разгляду справаў аб легалізацыі беларусаў у Польшчы, куды скіравалася найбольшая колькасць палітуцекачоў. Аднак юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Катажына Харноўска прыводзіць алгарытм паводзінаў у выпадку працяглага разгляду вашай справы:

«У такой сітуацыі належыць выслаць ліст праз пошту ў Дэпартамент у справах іншаземцаў з пытаннем пра вашую справу або скласці такі самы ліст з дапамогай ePUAP на старонцы Дэпартаменту. Можаце таксама пазваніць на інфалінію Дэпартаменту або на інфалінію Цэнтру беларускай салідарнасці».

Што датычыць Арцёма Ярмака, дырэктарка дабрачыннай арганізацыі «Дапамога» Наталля Калегава мяркуе, што паскорыць развязанне справы дапаможа зварот на больш высокі ўзровень.

«Калі ён не атрымае адказу да панядзелка, то варта пачаць нанова – разважае Калегава. – І цяпер гэта не мусіць быць Дэпартамент міграцыі. Ёсць міністэрства ўнутраных справаў – яны стаяць вышэй, яны адказваюць за гэта».

Пакуль жа Арцём Ярмак працягвае пікет ля Дэпартаменту міграцыі Літвы. Дазвол на гэтую акцыю дзее да вечара пятніцы.

Ян Федаровіч, «Белсат»