Google забаніў беларускую «Вікіпедыю»?


Міжнародны пошукавік Google нібыта адмыслова ігнаруе артыкулы беларускай «Вікіпедыі». Немагчыма знайсці ў выдачы сістэмы запісы, якія дакладна ёсць у беларускай інтэрнэт-энцыклапедыі. А вось расейскі «Яндэкс» паказвае тыя ж матэрыялы на першым месцы. У такім няпростым стане ўвогуле беларускамоўны кантэнт у інтэрнэце. Чаму і што рабіць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пошуковая сістэма Google выдае на беларускамоўныя запыты найперш артыкулы па-расейску, часам можа па-ўкраінску і на іншых мовах. Эксперты заўважылі: на карціну мала ўплывае змена мовы інтэрфейсу ці выкарыстанне VPN.

«Там ёсць працаўнікі, якія сядзяць на заробках, каб працаваў расейскамоўны Google. Бо беларускамоўнага Google не існуе, гэта нейкі аўтаматызм там, нейкія праграмы і гэтак далей. І напэўна, гэтыя алгарытмы створаныя так, каб украінская знаходзілася, расейская знаходзілася, а для беларускай не хапіла месца», – зазначае гісторык, аўтар артыкулаў беларускай «Вікіпедыі» Антон Дзеручэнка.

Мы паспрабавалі знайсці ў Google артыкул беларускай «Вікіпедыі» пра архітэктара Сцяпана Валансевіча. Гэты тэкст існуе ўжо больш за год і не мае аналагаў на іншых мовах. А само імя Сцяпана Валансевіча можна аднесці да «вернутых» – па-беларуску пра яго да мінулага года ніколі не пісалі. Але Google не выдае артыкул ані першым, ані другім, ані апошнім радком. Уверсе выдачы – смеццевы сайт, які крадзе змесціва з артыкулаў «Вікіпедыі». У той жа час расейскі «Яндэкс» выдае патрэбную інфармацыю першай.

«Ёсць нейкі бан беларускай “Вікіпедыі”. Як не надта актуальнай, не надта чытанай. Бо на беларускую “Вікіпедыю”, калі зайсці на любы артыкул і паглядзець, якая колькасць праглядаў за дзень, за тыдзень, за месяц, то там яна вельмі малая. Менавіта праз тое, што людзі проста не даходзяць да яе», – кажа Антон Дзеручэнка.

Google
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Яшчэ адна перашкода для беларусаў узнікла ад YouTube, які, як і Google, уваходзіць у карпарацыю Alphabet. На сусветным відэасэрвісе вельмі цяжка рэкламаваць беларускія ролікі. Такую рэкламу адразу блакуюць, бо сістэма не падтрымлівае беларускую мову.

«Як нам распавялі ў Google, гэтым займаецца асобная каманда, асобная фірма, якая на аўтсорсінгу працуе для Google і дапамагае яму мадэраваць рэкламу, кантэнт. Гэтая фірма не мае беларускамоўных людзей, працаўнікоў, яны не разумеюць беларускай мовы, таму адмаўляюцца мадэраваць і размяшчаць гэтую рэкламу», – зазначае галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка.

Паўплываць на агульную сітуацыю з выдачай беларускамоўнага кантэнту спрабуе офіс Святланы Ціханоўскай. Яго прадстаўнікі правялі шэраг сустрэчаў з Alphabet і Meta – карпарацыямі, адказнымі за пошукавік Google і сацсетку Facebook.

«У офісе Святланы Ціханоўскай працуе каардынатар сувязяў з тэхкампаніямі. Ён практычна кожны дзень дасылае запыт. Калі ёсць канкрэтныя запыты, праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія дэмакратычныя арганізацыі, вы можаце пісаць на мэйл tech@tsikhanouskaya.org, і мы пастараемся ўсе запыты гэтыя разгледзець», – зазначае галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Сёлета дэмакратычныя сілы Беларусі плануюць супольную канферэнцыю з тэхналагічнымі кампаніямі, каб разам пашукаць магчымасці падтрымання беларускамоўнага кантэнту і блакавання прапагандысцкіх рэсурсаў.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»