«Нажываюцца на здароўі і горы людзей». Зніклыя лекары-артапеды знайшліся


Лёс затрыманых яшчэ ў канцы сакавіка артапедаў-траўматолагаў Лукашэнка абмеркаваў на адмысловай нарадзе з удзелам генеральнага пракурора, кіраўніка КДБ і міністра аховы здароўя. Высветлілася дакладная колькасць узятых пад варту – 35. І пацвердзілася абвінавачванне: нібыта атрыманне хабару ад замежных кампаніяў, дзе пацыенты куплялі пратэзы з рэкамендацыяў дактароў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У цяперашніх складаных умовах супраць нашай краіны, гібрыднай вайны і беспрэцэдэнтнага эканамічнага ціску знаходзяцца неахайныя дзялкі ад бізнесу і медыцыны, якія нажываюцца на здароўі і горы людзей», – заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед.

Гэтак, са словаў Лукашэнкі, на здароўі людзей артапеды нібыта зарабілі 300 тысяч або нават да 650 тысяч еўраў. Маўляў, такія сумы знаходзілі ў медыкаў пры ператрусах. Наракаў Лукашэнка і на недапрацоўванне сістэмы аховы здароўя.

«Чаму мы ў дастатковай колькасці не праводзілі рэкламнай кампаніі для людзей, якія сустаў мяняюць, яшчэ нешта, і не завозілі гэтых імпартных запчастак па лініі дзяржавы? Ну, калі хто-небудзь хоча, лічыць, што айчыннае – гэта няякасна, – купляйце», – сказаў Лукашэнка.

Паводле якасці айчынныя пратэзы сапраўды прайграюць, кажуць і ў Фондзе медычнай салідарнасці.

«Для мяне загадка: чаму абутак, напрыклад, навучыліся рабіць, а па пратэзы – вось, у Нямеччыну. У маёй спецыяльнасці, у якой я разбіраюся лепш, чымся ў пратэзах, я таксама аддаю перавагу японскаму абсталяванню. І чамусьці зусім не хачу, каб у аддзяленнях, дзе я працую, закуплялі абсталяванне айчыннага вытворцы. Хоць у абутку я выдатна хаджу беларускім», – паскардзілася каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці.

Але вінаваціць артапедаў у тым, што ім даводзіцца рэкамендаваць сваім пацыентам ставіць імпартныя пратэзы, у корані няправільна. Крымінальная справа супраць трох з паловаю дзясяткаў найлепшых адмыслоўцаў у краіне – не спосаб дамагчыся справядлівасці, а спроба кіраўніцтва зваліць з сябе віну за разбураную сістэму аховы здароўя. Так лічыць беларускі артапед Рустам Айзатулін, якога калегі называюць унікальным спецыялістам.

«Гэта чорная зайздрасць або яшчэ нешта, калі людзі абсалютна не ўмеюць, не могуць, не хочуць і падвялі сістэму аховы здароўя да поўнага краху, спрабуюць зваліць гэта на кагосьці. На жаль, нашая сістэма – не толькі аховы здароўя – працуе на тым, што лягчэй абвінаваціць кагосьці і зняць з сябе абсалютна любыя абвінавачванні, што мы і бачым», – кажа траўматолаг-артапед Рустам Айзатулін.

Праз масавыя знікненні беларускіх артапедаў з праблемамі сутыкнуліся ўжо сотні пацыентаў.

Галіна (імя змененае) не можа зрабіць аперацыі. Яна пакутуе на рэўматоідны артрыт ужо 46 гадоў. Усё жыццё – на болепатольных. Апошнюю аперацыю зрабіла 11 гадоў таму – замяніла 4 суставы.

«У мяне каленка ў такім стане, што трэба ўжо перарабляць сустаў. Гэта значыць, я практычна не магу ступаць на яе. Таблетак вось ужо 2 месяцы я не атрымліваю, бо іх няма ў аптэках. Даведалася, што хутка не будзе прывозу пратэзаў. Дык яшчэ і траўматолагі знікаюць», – скардзіцца Галіна.

Затрыманне 35 дактароў нанесла ўдар па сістэме аховы здароўя агулам. Шмат хто з іх – галоўныя спецыялісты ў сваіх гарадах, загадчыкі аддзяленняў або кафедраў медычных універсітэтаў. Пад следства трапіў нават артапед Лукашэнкі…

«Калі мы возьмем якую-небудзь кампанію, досыць буйную, дзе працуюць 300 асобаў, і з гэтых 300 асобаў 35 – спецыялісты высокага класу, якія кіруюць усёй вытворчасцю. Ну і ўявіце, што будзе, калі б гэтыя 35 асобаў кудысьці зніклі… Як будзе працаваць кампанія? Кампанія будзе працаваць на тых людзях, якія недзе нешта ўмеюць, недзе нешта чулі, недзе нешта могуць. Але практычна гэта павольнае паміранне (што мы і бачым) нашай аховы здароўя», – параўнаў Рустам Айзатулін.

Лукашэнка згадаў прапанову міністра аховы здароўя адпусціць затрыманых медыкаў пад паруку пасля кампенсацыі дзяржаве матэрыяльнай шкоды… Над рашэннем будзе думаць. Вось толькі што і каму мусяць скампенсаваць, ні дактары, ні іхныя сваякі гэтак і не зразумелі.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»