«Гэта генацыд, які мэтанакіравана здзяйсняе агрэсар». Расея абстрэльвае жылыя раёны


Расея засяродзіла наступальныя дзеянні ў Данецкай і Луганскай вобласці, каб захаваць кантроль над захопленымі тэрыторыямі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Разам з тым расейская артылерыя працягвае абстрэльваць жылыя раёны Харкава. Сёння ў Харкаве снарад трапіў на дзіцячую пляцоўку, там загінулі муж і жонка.

Львоў трапіў пад абстрэл расейскіх крылатых ракетаў, запушчаных з самалётаў з боку Каспійскага мора. Загінулі 7 мірных жыхароў, 11 параненыя, некалькі з іх – у рэанімацыі.

«Тры ракеты ўдарылі па складскіх памяшканнях вайсковай інфраструктуры, што цяпер не выкарыстоўваюцца. Адна ракета трапіла ў станцыю абслугоўвання аўтамабіляў», – заявіў кіраўнік Львоўскай абласной адміністрацыі Максім Казіцкі.

Вось гэты шынамантаж, які стаў мішэнню для расейскіх крылатых ракетаў.

«Гэта генацыд, які мэтанакіравана здзяйсняе агрэсар. Агрэсар забівае мірных людзей. Сямёра мірных жыхароў Львова мелі планы на жыццё. Сёння іхныя жыцці прыпыніліся. Я размаўляў з кіраўніком шынамантажу. Ён плакаў не па страчанай маёмасці – па жыццях ягоных працаўнікоў», – патлумачыў журналістам мэр Львова Андрэй Садавы.

Таксама сёння расейцы нанеслі ракетны ўдар па Мікалаеўскай вобласці. Сродкі паветранай абароны збілі адну ракету. Па горадзе Ачакаў расейцы адкрылі агонь з сістэмы залпавага агню «Ураган» з забароненымі касетнымі боепрыпасамі.

Такі ж боепрыпас для ракеты «Точка-У» расейцы выкарысталі для атакі на вакзал у Краматорску падчас эвакуацыі ўцекачоў. Жыхарка гораду Каця тады была параненая і страціла маму. Цяпер яе разам з іншымі параненымі эвакуююць з гораду Днепр адмысловым цягніком, далей ад фронту.

«Усё, як у страшным сне. Усё ў крыві», – кажа дзяўчынка.

У шпіталях Дняпра ляжаць цяжка параненыя мірныя жыхары і ўкраінскія жаўнеры. У тым ліку тыя, каго раней удалося эвакуяваць з-пад Марыупалю.

У самым Марыупалі працягваюцца баі. Насуперак поўнай блакадзе, украінскія вайскоўцы не толькі абараняюцца, але і контратакуюць. На гэтым відэа дзясятак украінцаў знішчае аўтамабільную калону расейскіх войскаў.

Расейцы спрабуюць захапіць і Херсонскую вобласць, там таксама ідуць баі.

«Мы спадзяёмся, што вайна скончыцца як найхутчэй, скончацца ўсе гэтыя жахі, і людзі вярнуцца дадому. Мы ўсё адбудуем, і жыццё будзе яшчэ лепшым, чым было», – кажа жыхар Херсонскай вобласці Міхаіл.

Расейцы пайшлі з поўначы Украіны, у тым ліку з Чарнобыльскай зоны адчужэння. Пасля сябе яны пакінулі разрабаваныя кабінеты і радыелагічныя лабараторыі ЧАЭС, разбітыя шыбы, акопы ў Рудым лесе і блок-пасты з высокарадыеактыўным пяском.

Чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай АЭС.
Фота: Reuters

«У Рудым лесе рашысты рылі акопы, яны тут жылі, яны дыхалі пылам, рабілі тут ежу, палілі тут вогнішчы, гарэла трава. І яны ўсімі гэтымі прадуктамі гарэння дыхалі. Канешне, гэта будзе іх павольна, а кагосьці і хутка, забіваць», – паказвае віцэ-кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва кіравання зонай адчужэння Максім Шаўчук.

У бамбасховішчы ЧАЭС расейцы трымалі ў палоне 159 байцоў Нацгвардыі Украіны і скралі ўсе іхныя рэчы.

«31 сакавіка, калі была прынятая пастанова ў Расеі выходзіць з зоны адчужэння, яны выводзілі нацгвардзейцаў некалькі гадзінаў па 10 асобаў на вуліцу, амаль без вопраткі. Потым садзілі ў аўтобусы і ўсіх перапраўлялі ў Беларусь», – распавядае Максім Шаўчук.

Ад пачатку ўварвання расейцы замінавалі ваколіцы ЧАЭС, дзе месцяцца стратэгічныя прадпрыемствы для захоўвання радыеактыўных адкідаў. Шмат стралялі, здзекаваліся з мужчынаў. У першы дзень уварвання Васіль Давыдэнка трапіў пад абстрэл расейскіх танкаў, калі ехаў па сваіх справах у машыне з сям’ёй.

«Адна з чатырох калонаў пачынала ісці наперад – на яе месца праз 15-20 хвілінаў заходзіла іншая калона і спынялася. Яны падцягваліся без канца. І так было 6 дзён. Стралялі хаатычна і вельмі шмат – з буйнакаліберных кулямётаў», – прыгадвае егер Чарнобыльскага радыяцыйнага запаведніку.

Генеральная пракуратура Украіны сабрала матэрыялы на 6 тысячаў справаў аб ваенных злачынствах расейцаў.

«З моманту, як расейцы пайшлі адсюль, мы штодня знаходзім новыя сведчанні зверстваў. Кожны раз, калі мы думаем, што ўсё, – мы знаходзім новыя злачынствы і новых забітых жыхароў», – кажа Дмытро Алістроў, пракурор, які працуе ў Чарнігаўскай вобласці.

Ірына Доўгань, жыхарка Данбасу, сама прайшла праз расейскі палон, катаванні і здзекі расейскіх баевікоў. У 2018 годзе ейныя паказанні ўвайшлі ў сведчанні аб сексуальных злачынствах акупантаў на Данбасе, пададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Цяпер Ірына як валанцёрка развозіць харчовыя наборы для тысячы жыхароў Андрэеўкі Кіеўскай вобласці. Расейцы былі тут месяц і пакінулі па сабе гора.

«Гэтую жанчыну згвалцілі. Забралі ейную дачку, якая была ў будынку, ёй было 20 гадоў. І таксама згвалцілі», – распавядае Ірына Доўгань.

Ірына збірае паказанні аб сексуальным гвалце, учыненым расейскімі салдатамі. Людзі часта адмаўляюцца распавядаць пра сваю траўму.

Гэты жыхар Андрэеўкі не можа размаўляць пра згвалтаваных дачку і ўнучку і забітага ўнука.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»