Гаманцы беларусаў становяцца танчэйшымі


Рост цэнаў у краіне ў гадавым выражэнні склаў меней за 6% – рапартаваў у студзені Белстат. Аднак верыць такому паказчыку толькі 1% ​​беларусаў, сцвярджае праект «Вашы грошы». Большасць нашых грамадзянаў лічаць, што кошты ў краіне павялічыліся значна болей – ажно на 14%.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Разрыў у інфляцыйных чаканнях пацвярджаюць і іншыя эксперты.

«Ёсць нейкі набор гэтых тавараў, у якім не ўлічана шмат што, і таму такая вялікая розніца і ўзнікае. Таму ў Белстату свая інфляцыя, а ў людзей у гаманцах – зусім іншая інфляцыя», – адзначае вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Пакуль улады гуляюць са статыстыкай, гаманцы беларусаў становяцца танчэйшымі. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, больш за ўсё з пачатку года падаражэлі прававыя паслугі і паслугі па ахове жылых дамоў. Адчулі рост коштаў тыя, хто жыве ў інтэрнатах. За дах над галавой яны плацяць амаль на 8 % больш у параўнанні з мінулым годам.

Зацягнуць паясы прыйшлося і тым, хто мае шкодныя звычкі: тытунь і алкагольныя напоі таксама дадалі ў кошце.

Без малога на 4 % падаражала садавіна і гародніна: асабліва салодкі перац, морква, белакачанная капуста і вінаград.

Але напапярэдадні выбараў утрыманне коштаў мае палітычнае значэнне. Закрытыя дакументы, якія атрымала ў распараджэнне ініцыятыва «BELPOL», сведчаць, што чыноўнікі задумалі знізіць рост гадавой інфляцыі з 6 да 3,5 %. Дзейнічаць плануюць звыклымі метадамі – дырэктыўна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпана Цюшкевіча / 1prof.by

«Нават зараз у нас інфляцыя каля 6 % дасягаецца за кошт, што ў прадпрыемстваў памяншаецца прыбытак, памяншаецца маржынальнасць. І ўся гэтая сістэма падтрымліваецца крымінальнымі тэрмінамі для тых, хто спрабуе цэны павысіць. Калі паменшыць інфляцыю яшчэ да 3, 5 %, то гэта можна зрабіць. Пытанне зноў жа, якая колькасць прадпрымальнікаў будзе яшчэ жывою да гэтага моманту, а якая колькасць з іх будзе сядзець у турме», – кажа акадэмічны дарэктар BEROC Леў Львоўскі.

Але чаканні ад будучыні ў эканамічнага ўрада і простых беларусаў – розныя. Вялікая частка рэспандэнтаў праекту чакае разгону інфляцыі – такіх 38 %. Спадзяюцца на тое, што тэмпы росту коштаў захаваюцца не вышэй за бягучы ўзровень, – 45 %. Мараць, што кошты не вырастуць зусім, – 1% апытаных. Леў Львоўскі працягвае:

«Інфляцыйныя чаканні практычна ва ўсіх краінах перавышаюць рэальную інфляцыю. Гэта адбываецца з-за суб’ектыўных псіхалагічных чыннікаў: чалавек бачыць кошт на любімы прадукт, які падняўся больш, чым усе асноўныя кошты, і таму мае такія чаканні. Але ў нас разрыў паміж інфляцыйнымі чаканнямі і рэальнай інфляцыяй вышэйшы, таму што ў нас вышэйшы недавер да Нацбанка, чым у іншых развітых краінах».

Паводле даследавання, грамадзянаў, якія разлічваюць, што кошты знізяцца, – няма.

Кацярына Гардзеева «Беласат»