ААН: рэпрэсіі ў Беларусі «могуць быць злачынствамі супраць чалавецтва»


Неапраўданае, неадпаведнае і беспакаранае выкарыстанне сілы па ўсёй Беларусі цягам трох гадоў. Паводле папярэдняй версіі дакладу ААН пра становішча ў галіне правоў чалавека ў нашай краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 і пасля іх, кіраўніцтва краіны падтрымоўвала гвалт, а таму дзеянні рэжыму могуць прызнаць злачынствам супраць чалавецтва.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека мае падставы меркаваць, што было здзейсненае злачынства супраць чалавецтва ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі, якія могуць быць устаноўленыя як следства апісаных парушэнняў правоў чалавека».

Гэта трэці даклад Рады правоў чалавека ААН пра становішча ў Беларусі. І ўжо ў папярэднім выкарыстоўваліся фармулёўкі такога кшталту, адзначае праваабаронца Павел Сапелка. У цяперашнім жа дакуменце эксперты патлумачылі, на падставе чаго робяць выснову пра магчымыя злачынствы супраць чалавецтва.

«Было ўказана на яўны невыпадковы характар сукупнасці дзеянняў беларускіх уладаў і было ўказана на неабходнасць далейшага расследавання гэтых дзеянняў беларускіх уладаў і ўстанаўлення канкрэтных вінаватых», – тлумачыць Павел Сапелка.

Міжнародныя злачынствы – гэта група асабліва цяжкіх злачынстваў, што пераследуюцца не проста паводле крымінальнага заканадаўства асобнай краіны, а таксама і згодна з міжнародным правам. Уваходзяць у яе, сярод іншага, такія дзеянні, як катаванні і жорсткае абыходжанне, згвалтаванні і сексуальны гвалт, гвалтоўныя знікненні, жорсткае пазбаўленне фізічнай свабоды, пераслед.

«Я заклікаю ўсіх палітвязняў, а таксама іх сваякоў, родных не саромецца, і калі вы ўжо ў бяспецы, адкрыта казаць пра гэта, каб дабаўляць масіву інфармацыі, каб база пра злачынствы рэжыму павялічвалася і пашыралася», – кажа прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў Ігар Банцар.

Паводле дакладу, місія Рады ААН з дапамогай праваабаронцаў апытала 657 пацярпелых. Амаль кожны трэці заявіў пра катаванні, а дзве траціны – пра жорсткае абыходжанне. З першага траўня 2020 года больш як пяць з паловай тысяч асобаў былі пакараныя лукашэнкаўскім рэжымам у крымінальным парадку на падставе палітычна матываваных абвінавачанняў.

Женский марш. Минск, Беларусь. 26 сентября, 2020 года.
Фото: Алиса Гончар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Мы, праваабаронцы, настойваем на тым, каб працягнуць мандат гэтай місіі, зрабіць больш незалежнай, даць больш магчымасцяў для расследавання сітуацыі ў Беларусі. І гэта пакуль будзе лепшым вынікам», – кажа Павел Сапелка.

У дакладзе не толькі разглядаюцца меркаваныя парушэнні правоў чалавека, але і робяцца высновы ў адпаведнасці з міжнароднай прававой базай і прапануюцца рэкамендацыі як лукашэнкаўскаму ўраду, так і міжнароднай супольнасці. Але ёсць і момант, што непакоіць, падкрэслівае кіраўнік НАУ Павел Латушка. З новай справаздачы ў параўнанні з папярэдняй знікла фіксаванне важнага факту – што беларусы змушаныя пакідаць тэрыторыю краіны:

«Ёсць усе падставы лічыць, што мінімум сто тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць тэрыторыю Беларусі ў сувязі са стварэннем сітуацыі ўнутры краіны, якая не дазваляе людзям надалей перабываць на тэрыторыі Беларусі. Гэта фактычна з’яўляецца дэпартацыяй, а гэта дае падставы перадаць сітуацыю Беларусі ў міжнародны крымінальны суд у Гаазе, гэта могуць зрабіць нашыя партнёры, канкрэтныя дзяржавы».

Разгляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пачнецца на заўтрашнім паседжанні пяцьдзясят пятай сесіі Рады ААН у правах чалавека. З дакладам пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх выступіць вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Фолькер Турк.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»