Даклад ААН пра злачынствы супраць чалавецтва назвалі хлуснёй


Даклад аб сітуацыі ў Беларусі вярхоўнага камісара арганізацыі хлуснёю назвалі прадстаўнікі Беларусі ў ААН. Факты са справаздачы прадстаўніцтва не зняпраўдзіла, толькі абвінаваціла даклад у лабіяванні антыбеларускай праблематыкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Многія з так званых пацярпелых былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці за здзейсненыя злачынствы. Некаторыя з іх уцяклі за мяжу і пад кіраўніцтвам сваіх заходніх спонсараў спрыяюць неаб’ектыўным справаздачам Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека для распаўсюду дэзынфармацыі і хлусні ў якасці сродку помсты і ціску на Беларусь», – адзначылі прадстаўнікі Беларусі ў ААН.

Даклад жа засноўваецца на аналізе двухсот сямі гутарак з ахвярамі ды сведкамі, а таксама – двух з паловаю тысяч доказаў.

«Разглядаюцца магчымасці таго, каб прыцягваць Лукашэнку да адказнасці ў міжнародных судах і збіраюцца доказы тым жа самым дакладчыкам ААН па злачынствах, якія адбыліся ў Беларусі. Ну вось, напэўна, гэта і выклікае такую рэакцыю», – лічыць прававы дарадца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

У дакуменце ахоплены перыяд з 1 траўня 2020 года да 31 студзеня 2022 года. Сярод пералічаных ААН злачынстваў, між іншага, незаконныя затрыманні, катаванні, несуразмернае выкарыстанне сілы, сексуальны ґвалт, разлучэнне з дзецьмі.

«Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Фолькер Турк заклікаў урад Беларусі спыніць сістэматычныя рэпрэсіі ў дачыненні апанентаў і неадкладна вызваліць усіх затрыманых паводле палітычных матываў. У апублікаваным дакладзе робіцца выснова пра грубыя парушэнні правоў чалавека па ўсёй краіне», – заявіла Ліз Тросэл, прэс-сакратарка Управы вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека.

Гэта – не першы такі даклад ААН. Ужо ў леташняй справаздачы арганізацыя сцвярджала, што мелі месца злачынствы супраць чалавечнасці. Усяго апублікавана тры даклады пасля 2020-га. І ў кожным зʼяўляюцца новыя закіды да ўраду Лукашэнкі. Назбіралася іх усяго 53. Ці ўлады ўлічваюць заўвагі? Пытанне, на жаль, рытарычнае.

«Гэты даклад чытаюць людзі, якія прымаюць рашэнні па ўсім свеце, у тым ліку, на высокім палітычным узроўні. І ў тым ліку, на падставе гэтых дакладаў яны мяняюць сваю пазіцыю наконт улады Лукашэнкі, яго адміністрацыі і што з імі трэба рабіць. Таму гэты даклад важны і для нас, беларусаў», – сцвярджае прававы дарадца НАУ Міхаіл Кірылюк.

Яшчэ адзін свежы даклад зрабіў Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі. Расследавалі збіццё, якое адбывалася з 9-га да 14 жніўня на Акрэсціна. У аснове дакладу – паказанні ста аднаго пацярпелага, якія склалі больш за тысячу старонак. Расследаванне распавядае пра самыя распаўсюджаныя за тыя дні здзекі ды катаванні, пра ўмовы ўтрымання. Выбітыя зубы, гематомы, выцятасці, пераломы і чэрапна-мазгавыя траўмы – вось што найчасцей забіралі з сабою зняволеныя Акрэсціна.

У міжнародным праве за злачынствы супраць чалавечнасці максімальны тэрмін – 30 гадоў або нават пажыццёвае зняволенне. Але…

«Расея сядзіць як саюзнік Беларусі ў Савеце бяспекі ААН. Таму адтуль можна было б на рашэнне Рады бяспекі ААН перадаць сітуацыю Беларусі на расследаванне ў Міжнародны крымінальны суд. Але сёння гэта немагчыма, бо Расея заблакуе любое такое рашэнне», – упэўнены адвакат у пытаннях ваенных злачынстваў Юрый Білаус.

Таму цяпер працуюць механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі, калі судзіць могуць завочна ў іншай краіне. Гэтак, цяпер расследуюць прынамсі чатыры справы супраць сілавікоў. Перадусім над гэтым працуюць Нямеччына, Чэхія, Польшча і Літва. Кожная са справаў – зборная, у іх фігуруюць па 10-20 пацярпелых. Але да суда ніводная справа так і не дайшла. Прычыну называе Юрый Білаус:

«Тармазіць працэс можа тое, што адначасова на ўсё не хапае рук, банальна. У цывілізаваных еўрапейскіх дзяржавах даказаць віну ў судзе трэба сурʼёзна, каб дакладна было зразумела, што гэта – не палітычнае судовае рашэнне, а што гэта – абгрунтаванае, з доказамі, з фактамі».

Пакуль жа выракаў, абвяшчэння сілавікоў у вышук няма. Гэта можа здарыцца толькі, калі справы пойдуць у суд. У свеце ж вядома пра больш за 100 прыкладаў эфектыўнага выкарыстання ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Яна Шэк, «Белсат»