Новыя законапраекты для барацьбы з экстрэмістамі


Прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з абстаноўкаю запатрабаваў Лукашэнка на чарговай нарадзе.

Лукашэнка анансаваў каля 10-ці новых законапраектаў. Змены ў заканадаўстве каментуе палітолаг Сяргей Нікалюк:

«Не выпадкова на паседжанні ў Лукашэнкі было сказана, што мы прапрацоўвалі заканадаўчую базу комплексна. І з гэтым трэба пагадзіцца. Улада глядзіць, дзе яшчэ захаваліся хоць якія лазы, каб там паставіць капканы на тых, хто яе не падтрымлівае».

Змены ў заканадаўстве перадусім датычаць такіх сфераў, як нацыянальная бяспека, ахова грамадскага парадку і барацьба з экстрэмізмам. Апошнім у Беларусі, на меркаванне праваабаронцаў, можа быць прызнана ўсё што заўгодна.

«І ўжо пад законныя гэтыя ўстаноўкі, патрабаванні так званыя, можна падганяць любыя дзеянні, звязаныя з актыўнасцю на вуліцах, на плошчах нашага гораду, у тэлеграм-каналах, інтэрнэце», – лічыць праваабаронца Гары Паганяйла.

Генпракуратура прыадкрыла завесу таямніцы са зменаў, што рыхтуюцца. Між іншага Працоўны кодэкс цалкам забароніць палітычныя патрабаванні падчас забастовак. А за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах можа наступіць крымінальная адказнасць. Плануюць увесці адказнасць за публічную абразу блізкіх прадстаўнікоў улады. А ў асуджаных за экстрэмізм абяцаюць узяць пад кантроль фінансы і забараніць выдавецкую дзейнасць.

«Праблему моманту можна вырашыць такім чынам – недзе кагосьці запужаць, недзе кагосьці запужаць такім чынам, што ён адмовіцца ад выхаду на вуліцу. Але на той жа кухні, на працоўным месцы ўсё роўна пытанні і крытыка ўлады будуць, бо народ не прымае ні гэтай злачыннай улады, ні Лукашэнкі як такога», – лічыць праваабаронца Гары Паганяйла.

Ці патрэбна ўзмацняць адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, мы запыталіся на вуліцах Віцебску:

«Кожны чалавек хоча сваё меркаванне выказаць – за што яго караць?»

«За жорсткае і жорстка павінна быць».

«Каб дужа моцна караць, то не. Збіццё ўсякае там – залішняе».

«Навошта нам другая рэвалюцыя за 100 гадоў, хопіць адной. Узмацненне пакарання неабходнае, але людзі маюць права на свабодны пратэст».

«Карныя захады – гэта доля слабых».

Пры распрацоўванні зменаў у беларускае заканадаўства кіраваліся досведам Расеі.

«Ну, дапусцім, пытанні гераізацыі нацызму, ці як там яны назвалі гэта», – перадае словы Аляксандра Лукашэнка тэлеграм-канал «Пул-первого».

Генеральная пракуратура збіраецца распачаць крымінальную справу паводле факту генацыду беларускага народу падчас Вялікай Айчыннай вайны. Як мяркуе Сяргей Нікалюк, каб адцягнуць увагу і знайсці новых ворагаў.

«Сістэма пачынае нагадваць кацёл, у якім накрыўка шчыльна закрытая. Калі гэты кацёл зноўку ўзарвецца – гэта, безумоўна, пытанне, на якое сёння ніхто не можа адказаць, але ўлада робіць усё, каб ціск унутры катла рос», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

Анансаваныя змены зусім хутка мае разгледзець Палата прадстаўнікоў.

Ірына Карніенка, Белсат