«Белсат» выпусціў новае расследаванне пра Шэймана і Лукашэнку


Раскоша, карупцыя, а суды і сілавікі на службе ў злачынцаў пры ўладзе. Аддзел расследаванняў «Белсата» выявіў незаконныя спосабы разбагацець, якія выкарыстоўвае кіраўнік Упраўлення справамі Аляксандра Лукашэнкі.

Фігурант новага расследавання «Белсату» – Віктар Шэйман, у 1990-ыя – дзяржсакратар Савету бяспекі. З ягоным прозвішчам некаторыя праваабаронцы звязваюць стварэнне «эскадронаў смерці» – сакрэтных атрадаў, якія фізічна знішчалі не толькі крымінальных аўтарытэтаў і чальцоў бандаў, але і палітычных праціўнікаў Лукашэнкі. Сярод забітых паводле шэрагу сведчанняў маглі быць і экс-старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар, і экс-міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, якога тады замяніў Шэйман. Сам Лукашэнка хваліўся пазасудовымі расправамі акурат перад апошнімі выбарамі.

«Мне з гэтай трыбуны і сорамна і страшна ўспамінаць, як мы ваявалі супраць гэтых бандытаў… Адзін Шэйман і яшчэ пара чалавек, якія з пісталетамі хадзілі, ездзілі, знішчаючы падонкаў», – так Лукашэнка распавёў пра свае дзеянні ў 1990-х, звяртаючыся да народу 4 жніўня 2020.

Шэйман быў генпракурорам, дзяржсакратаром Савету бяспекі, дарадцам і кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі, кантраляваў пастаўкі ўзбраенняў у Венесуэлу і праекты ў Афрыцы. Цяпер Шэйман – ачольвае Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, арганізацыі – найбуйнейшага ўладальніка нежылой нерухомасці ў Беларусі.

«Віктар Шэйман паводле ўплывовасці – чыноўнік №2 у Беларусі пасля Аляксандра Лукашэнкі, і ягоны найстарэйшы паплечнік… Паказаныя намі схемы сведчаць аб верагодным зрошчванні бізнеса і ўлады і ўзбагачэнні чыноўнікаў», – тлумачыць кіраўнік аддзелу расследаванняў «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Паводле расследавання, Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі карысталася адміністратыўным рэсурсам для паглынання паспяховых прадпрыемстваў.

«Падчас працы ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта Віктар Шэйман пашырыў межы ўплыву гаспадаркі Лукашэнкі за кошт далучэння да яе паспяховых аграпрадпрыемстваў і за кошт кантролю за пастаўкамі нафтапрадуктаў і ўгаенняў», – распавядае адна з аўтараў расследавання Вольга Ратмірава.

Знайшлі і дзяўчыну, звязаную з Віктарам Шэйманам цёплымі стасункамі. На выпускніцу Акадэміі мастацтваў і Менскага лінгвістычнага ў розны час былі запісаныя кватэра за чвэрць мільёна долараў, дзіцячая крама і галоўнае – доля ў буйной лагістычнай кампаніі «Глобалкастам», звязанай з Кіраўніцтвам справамі Лукашэнкі. Гэтая фірма фігуруе ў расследаваннях расейскіх выданняў пра кантрабанду гэтак званай санкцыёнкі – забароненых у Расеі харчоў еўрапейскай і амерыканскай вытворчасці.

«На спробы звязацца з фігурантамі расследаванняў яны адказвалі пагрозамі, казалі, што выклічуць міліцыю, і былі вельмі незадаволеныя тым, што іх выцягнулі на святло», – распавядае Станіслаў Івашкевіч.

У чыноўніка знайшліся і вялікая кватэра ў Менску, і два дарагія дамы. Прычым адзін з маёнткаў Віктара Шэймана – у элітным мікрараёне Дразды, побач з адной са сталічных рэзідэнцыяў Лукашэнкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»