Два гады – прысуд для Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай


Два гады калоніі за тое, што ты журналіст і добра робіш журналісцкую працу. Такі прысуд Дар’і Чульцовой і Кацярыне Андрэевай агучыла суддзя Наталля Бугук. Стрым – жывую трансляцыю ў інтэрнэце, дзе паказваецца толькі тое, што адбываецца навокал, суд палічыў арганізацыяй і ўдзелам у «дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Сённяшні вырак – гэта прысуд усім незалежным медыям.

Журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева (Бахвалава) моцна абняліся. Даша паказвае жэст «Вікторыя» – перамога, і так супала, што гэта колькасць гадоў у калоніі агульнага рэжыму – у адпаведнасці з прысудам. Муж Кацярыны, журналіст Ігар Ільяш, моўчкі пакінуў залу, потым пракаментаваў:

«Я разумеў, колькі ёй дадуць, – гэта вынікала з тэндэнцыяў апошняга часу. Цяпер суддзям забаронена пярэчыць пракурорам, таму яны даюць столькі, колькі папросіць пракурор. Пракуратура, у сваю чаргу, на асабістае ўказанне Андрэя Шведа (Генеральнага пракурора. – заўв. Рэд.) дае арыентацыю на максімальныя тэрміны ў палітычных справах».

Прысуд вынесла Наталля Бугук у судзе Фрунзенскага раёну Менску. Пракурор – 23-гадовая Аліна Касьянчык – аднагодка абвінавачванай Дар’і Чульцовай. Даша ў прафесіі не так даўно. Але і яна сама, і яе сямʼя разумелі, што падобнае можа здарыцца.

«Наогул ні пра што, ні пра што… Дзяўчынкі наогул нічога не здзейснілі. Проста знялі стрым. Яны нічога не выкрыквалі, нікога не заклікалі нікуды. Проста здымаць стрым, і за гэта атрымаць 2 гады калоніі…», – кажа Наталля Церабіленка, маці Дар‘і.

Вачыма Міністэрства ўнутраных справаў – 15 лістапада быў не «проста стрым». Да гэтага дня сілавікам ужо ўдавалася, так бы мовіць, «абясшкоджваць» незалежных журналістаў яшчэ да пачатку нядзельных маршаў. Але ў той дзень журналісткі змаглі паказаць у рэжыме рэальнага часу, як сотня людзей у чорным зачышчала названы плошчай Пераменаў менскі двор са стыхійным мемарыялам збітаму невядомымі і вывезенаму адсюль Раману Бандарэнку, які пазней памёр.

Сімвалічна, у дзень суда – 18 лютага Генпракуратура ўсё ж распачала крымінальную справу паводле факту смерці Рамана.

Адвакат Сяргей Зікрацкі лічыць:

«Любыя справы, што заводзяцца ў сувязі з акцыямі пратэсту, незаконныя, таму што грамадзяне рэалізоўваюць сваё права на мірны пратэст і не могуць разглядацца як «здзяйсненне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Нібыта каментаванне падзеяў у двары, якое ажыццяўлялася з адной з кватэраў на 14-м паверсе, пацягнула за сабой прыпыненне руху 13-ці маршрутаў грамадскага транспарту… У Беларускай асацыяцыі журналістаў, дзе днямі адбыўся ператрус у іншай крымінальнай справе з палітычнаю афарбоўкай, сказалі прама:

«Гэта проста брутальная расправа над журналісткамі, якія выконвалі сваю працу абсалютна законна, абсалютна правамоцна, згодна з правіламі журналісцкай этыкі. Цяпер у дзяржавы трэнд – жорстка караць журналістаў, паказваць прыклад усім астатнім, што калі будзеце асвятляць «вуліцу», – трапіце за краты», – кажа Барыс Гарэцкі, нам. старшыні Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.

Са жніўня 2020 года ў краіне праз затрыманні прайшлі 480 працаўнікоў медыяў, дзясяткі замежных выданняў і некалькі беларускіх – пазбавілі акрэдытацыі. У тэлеканалу «Белсат» акрэдытацыі не было цягам 13-ці гадоў працы. Нягледзячы на статус СМІ і на сённяшні прысуд – праца працягнецца.

«Гэта чорны дзень у гісторыі «Белсату», у якой не было падобных выпадкаў. Рэжым відавочна перасоўвае межы. Раней журналістаў неспынна штрафавалі. Потым саджалі пад адміністратыўны арышт, цяпер дзвюм журналісткам прысудзілі турму. Гэта сведчанне страху дзяржавы перад імі», -заявіла дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Сёе-тое ў працы незалежных журналістаў пасля гэтага прысуду ўсё ж зменіцца:

«Гэты рэжым баіцца праўды і баіцца фактаў, таму мы будзем даваць яшчэ больш праўды і яшчэ больш фактаў, каб разбурыць і раздзяўбці гэты тэрарыстычны рэжым», – рэзюмуе Ігар Ільяш.

Што датычыць справы, то наперадзе апеляцыя і зварот ва ўсе міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»