Якія кардонавыя схемы выкарыстоўваюць фабрыка «Нёман» і «Менская друкарня»?


«Менская друкарня» – патэнцыйны кандыдат у спіс арганізацыяў, якіх могуць закрануць так званыя другасныя санкцыі Захаду. «Белсату» вядома, што друкарня вырабляе пачкі для цыгарэт Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». І што пачкі, у якія ўкладаюць цыгарэты, зробленыя з кардону аўстрыйскай шматфіліявай кампаніі «Mayr-Melnhof Karton». У прыватнасці, на яе вытворчасці ў польскім горадзе Квідзын. Як трапляе ў Беларусь гэты кардон?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Усе тавары маюць упакоўку, і мноства айчынных – замаўляюць яе ў найбуйнейшай «Менскай друкарні». Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» – сярод партнёраў друкарні. Пачкі для цыгарэт, якія з 21-га года з’яўляюцца санкцыйным таварам, друкуюць на мелаваным кардоне 205 г/м2. Апошні конкурс на такі кардон закрылі 21-га снежня з нулём заявак на сайце дзяржзакупаў icetrade.by. Белсат даведаўся, што ўгода на пастаўкі кардону заключаная з ММ «Картон Раша» – дочкай аўстрыйкай кампаніі «Майр-Мэльнгоф» (скарочана ММ). Агульны абʼём – 3 600 тон.

«Гэта штогадовая патрэба, цягам году. Мы размясцілі значна менш», – распавядае Наталля Булыгіна з аддзелу маркетынгу і лагістыкі «Менскай друкарні».

У Наталляю Булыгінай у кампаніі «ММ Картон Раша» у кантакце знаходзіцца Дзмітрый Міхайлаў. Белсатаўцу, які мусіў прадставіцца работнікам менскай друкарні, Міхайлаў пацвердзіў, што адгрузка першых партыяў кардону ўжо вядзецца. Згодна з тэндарнай дакументацыяй, спампаванай намі на старонцы дзяржзакупаў, склад знаходзіцца ў Аграгарадку Атоліна Менскага раёну.

Але едзе туды кардон не з Расеі, а з польскага складу той жа аўстрыйскай кампаніі з «ММ-Квідзын».

«Яны адгружаюць зараз, ніякіх абмежаванняў няма. Замаўляйце і адгружайце», – сказаў Дзмітрый Міхайлаў з «ММ Картон Раша».

Па логіцы дзеяння санкцыяў, кампаніі краінаў Еўразвязу не маюць права пастаўляць кардон для ўпакоўкі цыгарэт Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі, якая трапіла пад абмежаванні яшчэ ў 21-ым годзе. Таму схема паставак выглядае так:

Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» фасуе цыгарэты ў пачкі, зробленыя на «Менскай друкарні». Дамова на пастаўку кардону тыпу «Аляска-плюс» для беларускай друкарні – 3,6 т цягам года заключаная з расейскім таварыствам «ММ Картон Раша». Той размяшчае замову на выраб кардону ў польскай дочкі ў Квідзыне. І менавіта адтуль, а не з Расеі, сотні тонаў рулонаў сыравіны вязуць наўпрост у Беларусь.

«Гэта безумоўна абыход санкцыяў і тут адзінае, што можна і трэба рабіць – гэта прыцягваць увагу да гэтага кампетэнтных органаў, каб пайшла рэакцыя па ланцугу і адказныя за гэтыя парушэнні гэтую адказнасць панеслі», – кажа эканаміст Алесь Чайчыц.

На канцы ланцуга меліся б аказацца аўстрыйскія ўладальнікі 65 % акцыяў кампаніі-прадаўца «Майр-Мэльнгоф Кардон». Згодна з законамі Еўразвязу.

«Пункт 2 артыкулу 2 Рэгламенту 765/2006 прадугледжвае, што «Ніякія сродкі або эканамічныя рэсурсы не павінныя прадстаўляцца, наўпрост ці ўскосна, фізічным або юрыдычным асобам, арганізацыям і органам, пералічаным у Дадатку I, або на карысць іх». Гэта азначае, што пастаўкі фабрыцы «Нёман» забароненыя, таму што такія пастаўкі лічацца «эканамічнымі рэсурсамі», калі на іх не распаўсюджваецца выключэнне або адступленне», – каментуе прэсавы сакратар Еўракамісіі Дэньел Шэрыдан Фэры.

Нашыя суразмоўцы ў «Менскай друкарні» і расейскім офісе фірмы-пастаўляльніка пра пагрозу санкцыяў ведаюць, але працягваюць супрацу. Дзмітрый Міхайлаў спаслаўся на калегу з беларускай сталіцы:

«Там жа яна ведае, што была ў нас праблема з гэтымі санкцыямі і акурат яны (друкарня – заўв. Рэд.) высвятлялі, можна ці нельга. І потым (сказалі – дап. Рэд.) тыпу “Окэй, можна”. Магчыма, што вы недзе засвяціліся, а магчыма, гэта тая ж бязглуздзіца. Умоўна кажучы, мы так разумеем, што вы трапілі ў спіс тых, у каго ёсць жоўтая картачка, таму што дзяржава вамі валодае. Але рэальнай пакуль што пагрозы няма», – кажа Дзмітрый Міхайлаў.

Ці ёсць рэальная пагроза санкцыяў, будуць высвятляць праваахоўныя органы ў Аўстрыі і Польшчы. З улікам атрыманай намі інфармацыі. А згодна з абяцаннямі еўрапейскіх палітыкаў, неўзабаве паўстане адмысловы орган, які будзе адсочваць ланцугі закупак санкцыйных прадпрыемстваў у Беларусі і Расеі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»