Суд над Дар'яй Лосік: абвінавачанне патрабуе 2 гады калоніі


«Гэта проста любоў насамрэч, я вельмі моцна яго кахаю», – так на пытанне, адкуль яна бярэ сілы адказвала Дарʼя Лосік – жонка асуджанага да 15-ці гадоў пазбаўлення волі ў «справе Ціханоўскага» журналіста Ігара Лосіка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі пасадзілі Ігара Лосіка, натуральна, што ягоная жонка пачала крычаць дзе толькі можна, інфармаваць міжнародную супольнасць, беларусаў пра такую сітуацыю і сярод іншага даваць інтэрвʼю, запісваць звароты. Гэта нармальная рэакцыя. І вось за гэта, за тое, што бараніла свайго мужа, яе хочуць пасадзіць», – кажа намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Затрымалі кабету летась у кастрычніку. Судзяць за нібыта спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Дарʼя дала інтэрвʼю тэлеканалу «Белсат», які рэжым Лукашэнкі лічыць экстрэмісцкім фармаваннем.

«Яна дала асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампетэнцыі якіх адносіцца ажыццяўленне крымінальнага пераследу і выкананне правасуддзя. Пры гэтым паведаміла, што ейны муж не здзяйсняў крымінальна каральных дзеянняў і пакараны незаконна. Заклікала сваякоў іншых асуджаных пераняць ейны прыклад», – гаворыцца ў прэс-рэлізе пракуратуры Берасцейскай вобласці.

Паводле гэтага абвінавачвання, палітзняволенай пагражае да шасці гадоў за кратамі. Сёння для Дар’і запатрабавалі два гады калоніі.

«Тое, што адбываецца цяпер з Дарʼяй Лосік, – яркая ілюстрацыя сцверджання праваабаронцаў пра тое, што беларусы цяпер пераследуюцца за рэалізацыю свабоды выражэння меркавання, за рэалізацыю свабоды асацыяцыяў», – кажа юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Ігар і Дар’я Лосікі – з Баранавічаў. Яны пабраліся шлюбам яшчэ студэнтамі.

«Яны дужа кахаюць адно аднаго, і Ігар вельмі клапоціцца пра Дашу нават у турме. Калі ён даведаўся пра Дашына затрыманне, у яго зʼявіўся дэпрэсіўны стан, ён вельмі турбуецца за Дашу, гэта бачна з ягоных лістоў, якія ён дасылае», – кажа калега Ігара і сяброўка Дарʼі Наста Пілюгіна.

Ігара Лосіка затрымалі ў 2020-ым, а летась пакаралі пятнаццаццю гадамі пазбаўлення волі паводле «справы Сяргея Ціханоўскага». Абвінавацілі ў арганізацыі масавых закалотаў у Беларусі падчас рыхтавання і правядзення прэзідэнцкіх выбараў. Увесь час з моманту затрымання мужа Дарʼя не маўчала: давала інтэрвʼю, публікавала заявы і звароты, у тым ліку да Лукашэнкі.

«Грамадзянін Лукашэнка, прапаную вам замяніць майго мужа на мяне. Я гатовая добраахвотна сесці ў беларускую турму і ўзяць на сябе ўсе крымінальныя артыкулы Ігара ўзамен на ягоную свабоду», – казала Дарʼя Лосік у звароце.

Калі Ігар за кратамі абвесціў галадаванне, Дарʼя нейкі час галадала разам з ім.

«Што я хачу сказаць уладам? Як яны пачуваюцца, хачу запытацца ў іх. Калі ў цэнтры Еўропы малады чалавек 28 гадоў, у якога ёсць жонка і дачка, змушаны ісці на крайні крок, пазбаўляючы сябе здароўя, а магчыма, і жыцця, каб паказаць сваю нязгоду з тым абсурдам, які адбываецца», – гаварыла тады Дарʼя Лосік.

А калі ў Гомлі ў закрытым рэжыме адбывалася судзілішча над Ігарам ды іншымі фігурантамі справы, Дарʼя штодня прыходзіла да будынку следчага ізалятару, дзе праходзіў працэс, каб такім чынам падтрымаць мужа.

«Ён ведае цудоўна, што я тут, і ён мне аднойчы напісаў у лісце: я проста адчуваю тваю прысутнасць, і мяне гэта вельмі радуе», – адзначала яна.

Дарʼя не замаўчала, не зʼехала з краіны і пасля жорсткіх прысудаў фігурантам «справы Ціханоўскага», каб мець магчымасць кантактаваць з мужам хаця б праз перадачы. І хоць паводле БелТА, абвінавачваная на сённяшнім паседжанні прызнала віну, яна не зламалася, мяркуе Наста Пілюгіна.

«У праўладных тэлеграм-каналах, у дзяржаўных медыях мы так і не пабачылі Дашынага фотаздымку, хаця звычайна праўладныя медыі гэтым не грэбуюць. Гэта значыць, яны не хочуць паказваць, што Даша трымаецца, як яна ўмее», – кажа Наста Пілюгіна.

Ігару і Дарʼі Лосікам не дазваляюць камунікаваць паміж сабою, таму Наста просіць, каб нават незнаёмыя людзі, якія пішуць лісты за краты, пісалі абаім: яны перапытваюць і турбуюцца адно пра аднаго.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»