Беларусы бяднеюць – улады абяцаюць усё паправіць


За 11 месяцаў мінулага года рэальныя даходы беларусаў зменшыліся, сведчаць звесткі Белстату. Падзенне – каля 4 адсоткаў. Яраслаў Кот з Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжою заклікае, аднак, не надта давяраць дзяржаўнай статыстыцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі ўлічыць, што ўвага да статыстыкі велічэзная, і што яны нават паказалі нам нейкае падзенне, то мы можам толькі ўяўляць сабе, наколькі сапраўдная статыстыка суровая і непрывабная», – мяркуе Ярослав Кот.

Як ацаніць рэальныя змены ў дабрабыце беларусаў? Партал «Picodi.com» падлічыў кошт набору прадуктаў, што забяспечвае мінімальна неабходнае харчаванне адной асобы цягам месяца. Сёлета ў студзені гэта 205 рублёў. Год таму такі самы набор каштаваў амаль на 40 рублёў танней. Гандаль тым часам адчувае, як беларусы заціскаюць паясы, кажа наш эксперт.

«Зменшылася разнастайнасць харчоў. Прадукты прэміяльнага сегменту паступова сыходзяць. Той самы кетчуп “Гайнц”, напрыклад, мае меншы попыт, бо людзі стараюцца эканоміць», – кажа Яраслаў Кот.

Паводле Яраслава Ката, у Беларусі расце попыт на ўжываныя рэчы, асабліва адзенне і дзіцячыя цацкі. А «BEROC» піша, што амаль палова беларусаў адзначае пагаршэнне матэрыяльнага становішча сваіх сем’яў цягам мінулага года. Але Міністэрства эканомікі яшчэ ўвосень прамянілася аптымізмам.

«Параметры на наступны год будуць адпавядаць пяцігадовай праграме, ухваленай Шостым Усебеларускім народным сходам. Валавы ўнутраны прадукт будзе прырастаць на 3,8 %, што забяспечыць павелічэнне даходаў насельніцтва больш як на 4 %», – заяўляў міністр эканомікі Беларусі Аляксандр Чарвякоў.

Выходзіць, сёлетні рост даходаў мусіць скампенсаваць леташняе падзенне. І нават вывесці беларусаў у невялікі плюс. Бюджэтнікам, напрыклад, паабяцалі павялічыць заробкі ўжо з пачатку 2023-га года.

А Савет Міністраў днямі ўнёс сакрэтныя змены ў пастанову, што рэгулюе заробкі працаўнікоў дзяржаўных і часткова дзяржаўных прадпрыемстваў. Раней гэты дакумент забараняў павялічваць заработныя платы, калі не расце выніковасць працы. Эканамістка Анастасія Лузгіна з «BEROC» дапускае, што чыноўнікі маглі паслабіць гэтую строгую норму.

«Калі эканоміка нармальна працуе, рэальныя заробкі растуць на гэтулькі ж адсоткаў, на колькі расце выніковасць працы. Калі гэтая ўзаемасувязь губляецца – у эканоміцы пачынаюцца дысбалансы», – тлумачыць Анастасія Лузгіна.

Рэалізацыя планаў ураду што да росту ВУП і рэальных даходаў магчымае ў выпадку, калі дзяржаўныя грошы будуць інвеставацца ў праекты, якія даюць рэальную эканамічную аддачу, мяркуе экспертка.

«Пры паралельным росце інвестыцый адбываецца гарманічнае падвышэнне заробкаў. Пры ўмове, што людзі сапраўды зарабляюць гэтыя грошы», – кажа Анастасія Лузгіна

Галоўнае пытанне: якім шляхам пойдуць улады? Ці дасягнуць росту выніковасці працы? Ці будуць штучна надзімаць заробкі ў дзяржаўным сектары, што паглыбіць інфляцыю і прывядзе да далейшага падзення рэальных даходаў беларусаў?

Валянцін Васіленка, «Белсат»