Сілавікі заклікаюць вярнуцца дадому ці ў турму?


Праўладныя тэлеграм-каналы заклікаюць уцекачоў з Беларусі вяртацца дадому. Дзеля гэтага яны прапануюць напісаць ліст на адпаведны электронны адрас з асабістымі дадзенымі і пакаяцца. Але якія наступствы ў такога кроку?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Магілёўскі актывіст Андрэй Бодзілеў заклікае на ўласны онлайн-курс пра абарону правоў у галіне ЖКГ, экалогіі ды медыцыны, якія пакуль працуюць у Беларусі. Курс актывіст распрацаваў у Літве, куды ён з’ехаў ад палітычнага пераследу.

«У Літве я са снежня 2020 года, ужо больш за год. Вядома, дадому вельмі хочацца. Вельмі моцная туга па радзіме», – кажа Андрэй Бодзілеў.

Але як вярнуцца? Днямі на пахаванне бацькі ў Беларусь спрабаваў трапіць Ілля Вайцяховіч, а трапіў пад крымінальную справу.

Інфармацыю пра затрыманне Іллі Вайцяховіча 16-га студзеня змясцілі адразу некалькі праўладных тэлеграм-каналаў. А 4 студзеня затрымалі рэдактара тэлеграм-каналу «Третий регион Беларусь» Алега Канавалава. Пасля пратэстаў Алег зʼехаў ва Украіну, а ў святы пастанавіў наведаць радзіму. Цяпер яго вінавацяць у распальванні сацыяльнай варожасці.

Заклік вяртацца ў праўладных тэлеграм-каналах зʼявіўся напярэдадні Новага года. Рэдактары заклікаюць пісаць пакаянныя лісты з асабістымі звесткамі на адпаведны адрас. Так дзяржава нібыта даруе мяцежным дзеткам, сцвярджаюць яны.

Пасля пазалеташніх пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і міліцэйскага гвалту за мяжу выехалі тысячы палітычных эмігрантаў.

«Вялікая колькасць актыўных людзей з’ехала і сутыкаецца з цяжкасцямі. Я мяркую, што гэта разлік і, хутчэй за ўсё, ідэя прапагандысцкага кроку. Нават могуць паказаць у тэлебачанні некалькі семʼяў, маўляў, вось яны вярнуліся, адумаліся, у нас усё добра. Але гэта ўсё ў межах прапаганды», – перакананы праваабаронца Раман Кісляк.

«Гэта махлярская ініцыятыва, і такой ініцыятыве давяраць нельга. Нават калі яна раптам створаная супрацоўнікамі беларускіх спецслужбаў, то, як мы бачым, давяраць іхным словам сёння немагчыма», – падкрэсліў Андрэй Бодзілеў.

Паводле псіхолага Алы Марціновіч, за мяжой уцекачы перажываюць некалькі стадыяў адаптацыі. Найбольш складаная – калі вельмі хочацца вярнуцца. Аднак гэта міне, пераконвае псіхолаг: «Лукашэнка вельмі хворы і займаецца ўласным здароўем, ён на мяжы жыцця і смерці. Таму не здатны прыдумаць новага трыгеру, каб трэсці беларусаў як ліпку. За трыгеры ўзяліся ГУБАЗіК і, імаверна, пастанавілі ўжо трахануць мігрантаў. Бо ўсе свае зачыненыя і рэпрэсаваныя, таму будуць ехаць мігранты з пакаяннем».

Нават калі вы лічыце, што супраць вас няма крымінальнай справы, гэта ня значыць, што ў будучым яе ня будзе, перакананы праваабаронца Раман Кісляк.

Антон Каменскі, «Белсат»