17 з 20 беларусаў сутыкаліся з дыскрымінацыяй у працы


Хто шукаў працу, той ведае, што часам перашкодай для працадаўцы можа стаць пол, сямейны стан або ўзрост. Прычым мужчынаў часцей за ўсё дыскрымінуюць паводле ўзросту, а жанчын паводле сямейнага стану.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Са стэрэатыпамі ў працы 23-гадовая тату-майстарка Ліна Доль сутыкнулася на ўласным прыкладзе. Калі яна адкрывала тату-салон, ёй адмовілі здаць памяшканне. Маўляў, занадта маладая для ўласнай справы.

«Ува ўсіх людзей ёсць нейкія свае паняткі. Найбольш распаўсюджаныя: калі ты малады, то ў цябе няма досведу ў пэўнай справе, і калі ў цябе няма досведу ў пэўнай справе, то гэта змяншае імавернасць таго, што ў цябе гэтая справа пракаціць паспяхова», – распавядае дзяўчына.

Паводле інфармацыі Белстату, беларускія жанчыны зарабляюць амаль на чвэрць меней за мужчын. Падобная сітуацыя, з розніцаю ў 1-2 адсоткі, – у Расеі і Украіне. А вось у Польшчы – розніца не дасягае нават 6,5 адсоткаў.

Даследаванне арганізацыі «Гендарныя перспектывы» паказвае, што ў Беларусі існуе праблема і з узроставаю дыскрымінацыяй. Працадаўцы найменш ахвотна наймаюць як асобаў ва ўзросце 50 +, гэтак і навічкоў на рынку працы. Каму ж складаней за ўсіх?

«Па-мойму, няма аніякага прыгнёту ані жанчын, ані мужчын у гэтым узросце. Усё залежыць ад здольнасцяў».

«Складаней жанчынам будзе ўсё ж, бо мужчынам больш давяраюць».

«У мяне быў уласны досвед, калі я прымаў на працу пенсіянера. І ўсё было паспяхова».

«Думаю, што жанчыне. Бо мужчына нават у 50, ён сябе ўжо знайшоў», – дзеляцца менскія мінакі.

З дыскрымінацыяй на рынку працы сутыкалася абсалютная большасць беларусаў. Часцей за ўсё суайчыннікі сутыкаюцца з перашкодамі пры прыёме на працу, гэта датычыла амаль 70 % беларусаў. З сексуальнымі дамаганнямі сутыкнуўся амаль кожны пяты рэспандэнт. Пры гэтым больш за чвэрць апытаных нават не разумелі, што сталі ахвярамі дыскрымінацыі на працы.

«Гэта і ёсць дыскрымінацыя, калі ў аднолькавых умовах да нейкіх людзей, да нейкай групы людзей выстаўляюцца іншыя патрабаванні, чым да астатніх. Вось гэтае адрозненне нічым іншым не абумоўленае, апроч як наяўнасцю нейкіх перадумоўленасцяў, забабонаў, стэрэатыпаў, асабістага меркавання», – распавядае Ірына Альхоўка, старшыня кіравання «Гендарных перспектываў».

Грамадскія арганізацыі ўздымаюць праблему дыскрымінацыі ў працы ў тым ліку праз публічныя абмеркаванні.

«Мы спадзяемся, што актуалізацыя гэтай праблемы дасць штуршок да нейкіх наступных дзеянняў. У ідэале трэба распрацоўваць антыдыскрымінацыйнае заканадаўства і ўдасканальваць заканадаўства ў галіне гендарнай роўнасці», – кажа сацыёлаг і даследчыца Алена Арцёменка.

Калі вы сутыкнуліся з працоўнаю дыскрымінацыяй на працы, адмыслоўцы раяць не адмаўляць парушэнне і звярнуцца ў дэпартамент Дзяржаўнай інспекцыі ў працы, які падрыхтуе адмысловае заключэнне. Маючы заключэнне, надалей трэба падаваць у суд. Па юрыдычную кансультацыю можна звярнуцца ў грамадскія арганізацыі, напрыклад, на гарачую лінію ўстановы «Ейныя правы».

Ксенія Тарасевіч belsat.eu