Эдуарда Пальчыса асудзілі на 13 гадоў


Ты вядомы блогер, аўтар тэлеграм-каналу, добры арганізатар культурніцкіх і святочных акцыяў? Атрымай 13 гадоў зняволення ў калоніі. Прынамсі такі тэрмін гэтак званы суддзя менскага гарадскога суда Пётр Арлоў прысудзіў Эдуарду Пальчысу, абвінавачанаму паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сярод іх – «Арганізацыя масавых закалотаў», «Рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак», «Заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы» і «Распальванне варожасці». Чаму ў тым ліку блогеры і журналісты атрымліваюць такія відавочна неадэкватныя тэрміны? Адказвае праваабаронца Раман Кісляк:

«Гэта адначасова і помста, і праца над тым, каб запужаць людзей, запужаць іншых блогераў, іншых палітычных апанентаў у наступных кампаніях. Блогеры ўвогуле сталі адкрыццём для ўлады».

Асобнай увагі заслугоўвае праца праваабаронцаў, якія нягледзячы на неймаверны ціск працягваюць абараняць інтарэсы палітзняволеных, у тым ліку Эдуарда Пальчыса.

«Калі ласка, звяртайцеся да праваабаронцаў, у праваабарончыя арганізацыі. Нягледзячы на тое, што яны моцна пацярпелі, улада перашкаджае іх дзейнасці ў Беларусі, тым мне менш ёсць праваабарончыя арганізацыі: гэта і Вясна, і БХК, і іншыя праваабаронцы, праваабарончыя групы, якія працуюць са справамі, дапамагаюць людзям. Вельмі важна зафіксаваць усе гэты справы для будучага справядлівага суду, які будзе і не адзін».

Эдуарда затрымалі пры канцы кастрычніка 2021 года. Пасля чатырох адміністратыўных арыштаў па 15 содняў на свабоду ён не выйшаў. У снежні мінулага года ў Эдуарда нарадзілася дачка, якую ён ні разу не бачыў – жонка Эдуарда вымушаная была пакінуць Беларусь. Увесь гэты час хлопца актыўна падтрымліваюць сябры і знаёмыя, а таксама міжнародная супольнасць. Вось якія словы падтрымкі выказваў Эдуарду дэпутат Бундэстагу Нільс Шмід:

«Людзі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю, вельмі рызыкуюць. Таму яны заслугоўваюць нашага поўнага падтрымання. Вось чаму для мяне было прынцыпова важна стаць «хросным» Эдуарда Пальчыса ў межах кампаніі #WeStandBYyou, бо ён адзін з тых, хто трапіў у турму за сваю мужную прыхільнасць да свабоды. Эдуард Пальчыс, як і астатнія палітвязні ў Беларусі, мусіць быць неадкладна вызвалены!»

У 2016 годзе блогер і стваральнік сайту «1863х.com» Эдуард Пальчыс правёў некалькі месяцаў у СІЗА, бо рэжыму не спадабаліся ягоныя публікацыі на ўласным рэсурсе. Тады блогера прысудзілі да 1 года і 9 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і вызвалілі з-пад варты ў зале суда. Пра Эдуарда Пальчыса распавядае ягоны сябар Франак Вячорка:

«Такія людзі як Эдуарда Пальчыс асабліва раздражняюць Лукашэнку, таму што яны прынцыповыя, паслядоўныя з моцнай грамадзянскай пазіцыяй, з выпрацаванай ідэалогіяй. Эдуард вельмі начытаны, упэўнены ў тым, што ён робіць. Не баяўся арыштаў. Затрыманняў, ён сапраўды быў тым, каго можна назваць інтэлігентам. Нягледзячы на тэрмін, ён вельмі пазітыўна трымаецца. Мы ведаем, што ён добра ўспрыняў, спакойна чакаючы, ён верыць у перамогу, верыць, што сядзець столькі не будзе. Яго немагчыма зламаць».

Эдуарду Пальчысу 31 год, ён нарадзіўся ў Лідзе. Хлопец з дзяцінства захапляўся гісторыяй, у школе стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду прэзідэнта для падтрымання адораных дзяцей, узнагароджаны Міністэрствам адукацыі дыпломам і грашоваю прэміяй са спецфонду прэзідэнта. Пераможца рэспубліканскіх алімпіядаў па гісторыі. Быў адным з арганізатараў святочных імпрэзаў БНР-100 і БНР-101.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»