Што адбываецца з IT-галіной Беларусі


Лукашэнка праводзіць нараду аб развіцці ПВТ праз тыдзень пасля навіны аб сыходзе з Беларусі апошняга адзінарога – IT-кампаніі, якая ацэньваецца больш чым у мільярд долараў. «Воркф’южн Сістэмс» заснавалі амерыканцы, але ў Менску месціўся яе буйны Research and development офіс. Зрэшты, шмат буйных гульцоў IT-рынку, якія мелі беларускія карані, пакінулі краіну, або істотна скарацілі штат. Для кагосьці трыгерам сталіся паслявыбарчыя рэпрэсіі, але большасць адрэагавалі на вайну, што развязала Расея.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чалавечы капітал – гэта тое, на што звяртае ўвагу любая адэкватная, развітая краіна. Нават Кітай», – упэўнены сузаснавальнік TUT.BY Кірыл Валошын.

«Беларусь, паўтаруся, адносіцца да гэтага капіталу як да чагосьці што само сабой разумеецца, ці непатрэбнага, ці нават хутчэй варожага».

Адметна, што пра развіццё IT-сферы Лукашэнка размаўляе з чыноўнікамі, а не з айцішнікамі, як раней. Ды і лексіка цяпер гучыць адпаведная. Ён папракае айцішнікаў за пратэсты:

«Нашыя людзі (гэта таксама адкрыта трэба прызнаць), якія працуюць у Парку высокіх тэхналогіяў, атрымліваючы прыстойныя даходы ў параўнанні з сярэдняй зарплатай у Беларусі, аддалі перавагу вялікім грошам і выконвалі загады замежных сваіх гаспадароў, часцей за ўсё –заакіянскіх».

А яшчэ ён пахваліўся тым, што ў Беларусь як быццам вярнуліся многія айцішнікі з ліку тых, што з’ехалі пасля ўводу санкцый. З гэтым катэгарычна не згодны супрацоўнік адной з кампаніяў, які пагадзіўся на размову з нашым каналам на ўмовах ананімнасці:

«Наадварот, спецыялісты масава зʼязджаюць з краіны. Гэта адбываецца паступова, таму што не ўсім удаецца адразу ўлагодзіць свае справы. Не ўсе могуць зʼехаць імгненна. Але людзі разумеюць, што жалезная заслона зачыняецца, зʼязджаць трэба. І гэтаму спрыяе палітыка многіх кампаніяў, якія рэлакуюць свой бізнес і сваіх працаўнікоў».

Пярэчыць Лукашэнку і статыстыка партала dev.by. Згодна ёй, чысты адток спецыялістаў з беларускай IT-сферы ў студзені-верасні перавысіў 13 тысяч чалавек. Прычым графіка відавочна карэлюе з пачаткам вайны Расеі супраць Украіны і санкцыямі, што былі накладзеныя пасля гэтага.

У гэтай сувязі немалыя лічбы, якія быццам прадукуе ПВТ, здзіўляюць. Гэтак дырэктар адміністрацыі парку высокіх тэхналогіяў Усевалад Янчэўскі справаздачыўся, што за тры кварталы экспарт парку склаў блізу 2 млрд долараў.

«Мы не ведаем рэальных лічбаў, – мяркуе спадар Валошын. – Магчыма сапраўды абароты IT-галіны растуць, магчыма нават экспарт ПВТ расце. Але зразумела, што з адтокам і супрацоўнікаў, і з зыходам кампаніяў, асабліва буйных, гэты працэс росту будзе моцна запавольвацца. Але хутчэй за ўсё пачнецца проста падзенне».

Калісьці беларускі IT-сектар стаўся лакаматывам эканомікі. Цяпер жа ён, па меркаванні Кірыла Валошына, больш нагадвае паветраны шар, з якога паступова выходзіць паветра ў выглядзе людзей і тэхналогіяў.

Ян Федаровіч, «Белсат»