Пачаўся суд у справе «Боінгу», збітага над Данбасам


Пажыццёвае зняволенне для тых, хто збіў 8 гадоў таму «Боінг 777» кампаніі «Малайзійскія авіялініі». Суд у Гаазе прызнаў расейцаў Ігара Гіркіна (Стралкова), Сяргея Дубінскага і ўкраінца Леаніда Харчанку вінаватымі ў забойстве 298 асобаў. У судзе з абвінавачаных удзельнічаў толькі чацвёрты фігурант справы Алег Пулатаў: яго апраўдалі. Абвінавачанне прасіла для кожнага пажыццёвага зняволення.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Боінг 777» авіякампаніі «Малайзійскія авіялініі» 17 ліпеня 2014 года выконваў планавы рэйс МН17 з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. Самалёт быў збіты ў небе над Данбасам ракетаю, выпушчанай, паводле звестак следства, з зенітна-ракетнага комплексу «Бук». Самалёт разваліўся на вялікай вышыні, у гэты момант авіядыспетчарская служба Украіны страціла з ім сувязь – гэта звесткі з матэрыялаў следства. Абломкі і целы ахвяраў разляцеліся на вялізнай плошчы. Кабіна пілотаў ляжала на адлегласці больш за 5 км ад астатніх абломкаў, меншыя часткі былі раскіданыя на 15 км.

У шматлікіх тамах справы ўказана, што сістэма «Бук» належала курскай 53-й брыгадзе супрацьпаветранай абароны расейскіх Узброеных сілаў. Следства атрымала шмат запісаў перахопленых тэлефонных размоваў, з якіх высветлілася, што камандзіры вайсковых фармаванняў самаабвешчанай ДНР прасілі расейскі бок даставіць ім «Бук», каб супрацьстаяць украінскай авіяцыі. За содні да знішчэння «Боінгу» чалавек з голасам, імаверна, афіцэра Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Сяргея Дубінскага прамовіў наступнае:

«Калі я паспею раніцай атрымаць “Бук” і адправіць туды, гэта будзе добра. Калі не паспею, то д@па. Больш рабіць нам няма чаго, толькі на “Бук” спадзявацца».

У выніку загінулі 298 асобаў, сярод іх – 80 дзяцей. На борце былі грамадзяне Нідэрландаў, Аўстраліі, Малайзіі, Інданезіі ды іншых краінаў. Памінальныя службы праходзілі па ўсім свеце.

Расея з самага пачатку і дагэтуль катэгарычна адмаўляе сваё дачыненне да справы рэйсу МН17. Менавіта Масква лабіявала расследаванне альтэрнатыўных версіяў, і ўсе яны так ці інакш зводзіліся да абвінавачання Украіны ў гэтай катастрофе.

Трое абвінавачаных – Ігар Гіркін (Стралкоў) (у 2014-м гэтак званы міністр абароны самаабвешчанай ДНР), Сяргей Дубінскі (на момант трагедыі старэйшы афіцэр ГРУ расейскай арміі ў адстаўцы) і Алег Пулатаў (раней – падпалкоўнік запасу ВДВ расейскай арміі) – не адмаўляюць, што на большасці аўдыязапісаў праслухоўвання, далучаных да справы, гучаць менавіта іхныя галасы. Аднак сваёй віны не прызнаюць. Пазіцыя ж камандзіра падраздзялення выведкі ГРУ ДНР у 2014-м Леаніда Харчанкі невядомая: ён ні разу не каментаваў абвінавачванняў і хады працэсу.

Ала Пірумава, «Белсат»