У мігрантаў – два шляхі: Беларусь або Ірак

Ноч пасля штурму польскага памежнага пункту «Кузніца» мігранты правялі ў транспартна-лагістычным цэнтры на беларускай мяжы. Лукашэнкаўскія чыноўнікі забяспечылі матрацамі, коўдрамі і ежай прыкладна тысячу чалавек. Яшчэ амаль тысяча мігрантаў з нейкіх прычынаў начавала ў стыхійным лагеры ў лесе.

«Канечне, усе хочуць у Германію, нейкія там плацяжы ім абяцалі, што ім там наабяцала спадарыня Мэркель. Яны хочуць у Нямеччыну. У выпадку немагчымасці мы як грамада будзем дапамагаць, у тым ліку застацца ў Беларусі. З боку ўладаў ніякіх перашкодаў няма, наадварот, вітаецца», – заявіў у лагістычным цэнтры старшыня расейскай Курдска-Езідскай грамады Фаград Амаран.

Як мінімум 160 мігрантаў не хочуць заставацца ў Беларусі – уначы яны зноўку спрабавалі нелегальна прабрацца ў Польшчу. Самая буйная група з прыкладна 60 чалавек прарывалася праз чыгунку ля вёскі Чарэмха. Паводле польскіх памежнікаў, мігранты зноўку кідаліся камянямі, пераразалі агароджу, а беларускія вайскоўцы спрыялі ім і сляпілі палякаў лазарам.

«Мігранты, напэўна, не хочуць сыходзіць з парадку дня сусветных СМІ, і ў іх свая рацыя, і яны мяркуюць так: каб пра нас не забыліся, мы павінны даваць новыя нагоды», – пракаментаваў сітуацыю на мяжы памочнік прэзідэнта па Гарадзенскай вобласці Юрый Караеў.

Раніцай частку мігрантаў са стыхійнага лагеру вывезлі на аўтобусах у невядомым кірунку. Але некалькі соцень чалавек застаюцца ў намётах дагэтуль. Некаторыя мігранты падводзяць да калючага дроту маленькіх дзяцей і робяць фотаздымкі. Іншыя – ходзяць уздоўж мяжы з беларускага боку ў суправаджэнні вайскоўцаў з аўтаматамі.

«Мы чакаем, што нешта можа здарыцца, бо беларускі бок абсалютна непрадказальны. За апошнія содні мы дэпартавалі са сваёй тэрыторыі трыццаць чатыры замежнікі, усе яны атрымалі забарону на ўезд у Еўразвяз на тры гады», – сказала падчас брыфінгу прэс-сакратарка Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска.

Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу з нагоды ўчорашняга штурму польскай мяжы мігрантамі. Праверка праходзіць у дачыненні польскіх сілавікоў, якія адбівалі штурм вадамётамі. Падрабязнасці распавёў Сяргей Кабаковіч: «Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа паводле артыкулу 128 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Гэта «Злачынства супраць бяспекі чалавецтва, масавыя акты жорсткасці, здзейсненыя ў сувязі з расавай, этнічнай прыналежнасцю».

У сваю чаргу раённая пракуратура ў Саколцы распачала справу аб нападзе на польскіх вайскоўцаў. Польскія памежнікі паказалі, з дапамогай чаго мігранты атакавалі мяжу: бярвенне, брук, кавалкі асфальту, нават абутак. Усё гэта мігранты кідалі ў польскі бок з маўклівай згоды беларускіх памежнікаў. У выніку нападу дванаццаці палякам спатрэбілася медычная дапамога.

«Трэба памятаць, што гэтыя людзі спрабуюць нелегальна перайсці мяжу і атакуюць польскія службы на тэрыторыі мяжы. Мы ўвесь час звяртаемся да іх на зразумелай ім мове, тлумачым незаконнасць іхных дзеянняў. Але не мы справакавалі атаку, гэта зрабіў рэжым Лукашэнкі», – адрэагаваў на сітуацыю прэс-сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер.

Ужо заўтра з Менску ў Багдад вылеціць бясплатны эвакуацыйны рэйс. Жаданне вярнуцца на ім дадому выказалі не менш за 300 мігрантаў. Адзін мужчына ў лагістычным цэнтры на мяжы Беларусі і Польшчы заявіў: «Усе людзі хочуць у Ірак, бо шмат праблем на мяжы з Польшчай».

У сваю чаргу «Белавія», змушаная раней адмовіцца ад транспартавання ў Беларусь грамадзянаў Іраку, Сірыі ды Емену, спыніла перавоз яшчэ і грамадзянаў Афганістану.

Ірына Карніенка, Белсат

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама