Міжнародны дзень студэнцкай салідарнасці – у Беларусі 37 студэнтаў-палітвязняў


Міжнародны дзень студэнтаў, а дакладней, Дзень студэнцкай салідарнасці прысвечаны трагічным падзеям. Падобным да тых, што адбываліся падчас паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі, кажа былая выкладчыца Лінгвістычнага ўніверсітэту Наталля Дуліна.

«Калі мы ўзгадаем, з чаго пачыналася, калі ў 39 годзе выступілі пражскія студэнты і выкладчыкі, больш за тысячу студэнтаў саслалі ў канцлагер і пакаралі смерцю 9 чалавек – сітуацыя была вельмі падобная», – кажа Наталля Дуліна.

Праз палітычны пераслед з Беларусі мусілі з’ехаць не менш за тысячу беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў, кажа філосафка Таццяна Шчытцова, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі. А палітычны пераслед ва ўніверсітэтах зазналі больш за 1300 студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў.

«452 студэнты атрымалі вымовы ці заўвагі па палітычных матывах, 261 студэнт адлічаны па палітычных матывах, 132 студэнты пазбаўленыя стыпендыяў ці інтэрнатаў па палітычных матывах», – пералічвае Таццяна Шчытцова.

133 выкладчыкі і навукоўцы згубілі працу за гэты час. Вядома пра прынамсі 27 крымінальных справаў, заведзеных супраць студэнтаў. А 37 студэнтаў прызнаныя палітвязнямі.Менавіта студэнцкай моладзі больш за ўсё баяліся ўлады падчас паслявыбарчых пратэстаў, заўважае Наталля Дуліна. Бо студэнт – свабаднейшы і смялейшы за дарослага чалавека.

«Адсутнасць досведу робіць яго вельмі крохкім. З аднаго боку гэта, але з іншага боку – адсутнасць моцных траўмаў, расчараванняў і вера ў тое, што ад цябе штосьці залежыць. Гэта надае ім сілаў і гэта рухае іх дзеяннямі, яны ідуць наперад», – лічыць Наталля Дуліна.

Залучанасць у палітычныя падзеі надае досведу, адзначае Маргарыта Шыш, былая студэнтка Гарадзенскага ўніверсітэту, выключаная за ўдзел у паслявыбарчых акцыях.

«Я вывучыла шмат новых рэчаў – як ставіцца да людзей, як з імі размаўляць, як прасіць нешта, як менеджарыць вялікія працэсы. І гэта ўсё даў мне менавіта ўдзел у рэвалюцыйных падзеях і непасрэдна ў саміх акцыях», – кажа Маргарыта Шыш, якая цяпер навучаецца ў Літве.

Тыя, хто мусіў з’ехаць ад палітычнага пераследу з Беларусі, адзначаюць розніцу ў навучальным працэсе і стаўленні да студэнтаў.

«У Беларусі тое, што выкладчык ставіцца да студэнта як да чалавека ў акадэмічным асяроддзі – гэта хутчэй выключэнне. Хутчэй гэта стаўленне як да падначаленага. А тут кажуць пра акадэмічную важнасць, і студэнт як калега, у якога менш досведу», – кажа Вольга, былая студэнтка Беларускага універсітэту фізічнай культуры. Цяпер яна вучыцца ў Польшчы.

«Калі ёсць выбары ў органы самакіравання, то ўсе ведаюць даты, усё ведаюць кандыдатаў, і ўсё робіцца чыста, і зразумелы ўвесь працэс», – кажа Рыта, што да выключэння навучалася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, а цяпер вучыцца ў Польшчы.

Студэнцкі рух у Беларусі не спыніўся, хоць яго і не відаць, кажуць нашыя суразмоўцы.

«Для нашай моладзі прыйшоў час новага стаіцызму, патрабуецца пачуццё ўнутранай свабоды, знаходзіць у сабе ўнутраныя маральныя сілы», – падкрэслівае Таццяна Шчытцова.

Галоўнае ж – студэнцкая салідарнасць, якой і прысвечаны сённяшні дзень у свеце.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»