Неабмежаванае праўленне пачнецца пасля Рэферэндуму-2004


Святочны дзень для лукашэнкаўскай сістэмы і жалобны – для дэмакратычнай. Дзевятнаццаць гадоў таму насуперак выбарчаму заканадаўству Лукашэнка ініцыяваў, а выбарчая камісія сфальсіфікавала Рэферэндум, праз які Лукашэнка атрымаў магчымасць пераабірацца шматкроць. Як вядома, дыктатар не прапусціў ніводнай кампаніі. І цалкам магчыма, што будзе балатавацца на чарговы прэзідэнцкі тэрмін.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Першы прэзідэнт Беларусі і пяціразовы самабвешчанец. Магчымасць нязменна ачольваць краіну Лукашэнка забяспечыў сабе 17-га кастрычніка 2004-га года.

Зрабіў гэта фармальна праз ужо трэці ініцыяваны ім рэспубліканскі рэферэндум.

«Выбарчы кодэкс наўпрост забараняў ладзіць рэферэндумы, якія былі звязныя з працягненнем паўнамоцтваў на пасадзе прэзідэнта. То бок у людзей былі ўсе падставы выходзіць на вуліцы і пратэставаць», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.

Згодна з ЦВК, 79,42 % выбарнікаў прагаласавалі за магчымасць балатавацца зноў асобе, якая ўжо займала гэтую пасаду два тэрміны запар.

Згодна ж з вынікамі ўсебеларускага апытання, праведзенага Інстытутам Гэлапа «Baltic Surveys» у канцы верасня 2004 года, за змяненне Канстытуцыі былі гатовыя прагаласаваць адно 39 % апытаных, супраць – 32,5 %. Астатнія на той час яшчэ не вызначыліся.

Пратэстоўцаў збівалі паводле ўжо выпрацаванага рэжымам сцэнара, згадвае Анатоль Лябедзька.

«На праспекце пад “Паціо-піцца” мяне прыціснулі людзі ў цывільным і потым я аказаўся на кухні ў гэтай кавярні, якая была напоўненая амапаўцамі ўжо ў форме. І сам кіраўнік Менскага АМАПу біў мяне па твары».

У сваёй кнізе «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт» палітолаг Валер Карбалевіч пісаў, што Уладзімір Пуцін не падтрымаў намеру Лукашэнкі балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін.

«У Пуціна з Лукашэнкам тады былі даволі значныя канфлікты ў пытаннях паставак у Беларусь газу і нафты. Пуцін меркаваў што з нейкім іншым кіраўніком Беларусі ў яго будзе лепшае паразуменне», – лічыць Валерый Карбалевіч.

У той перыяд Пуцін наладжваў адносіны з Захадам. Лукашэнка – займаўся пытаннямі ўласнай будучыні, насуперак заходнім дэмакратычным традыцыям.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Сочы, Расея. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Праз 19 гадоў бачым, што абодва яны – пры ўладзе. Хаўруснікі пазбаўляюць свае народы грамадзянскіх правоў, пераследуюць людзей за палітычныя погляды, маюць бадай разарваныя стасункі з Захадам, сталі агрэсарамі.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў не мае сумневаў: калі да 2025-га года Пуцін застанецца ва ўладзе, Лукашэнка будзе балатавацца на чарговы прэзідэнцкі тэрмін, а таксама ачоліць Беларускі народны сход.

«Ён старанна робіць, каб не было вакол яго іншых больш прарасейскіх палітыкаў, чым ён. Ён усе гэтыя гады гэтага дабіваўся. Ён так сябе ставіць. І не гледзячы на нейкія тактычныя і менш неістотныя выбрыкі, стратэгічна цалкам задавальняе Расею, яе пажаданні, што чарговы раз было даказана на пачатку вайны супраць Украіны», – кажа Віталь Цыганкоў.

Пры такім сцэнары няма надзеі, што прэзідэнцкія выбары будуць справядлівымі. Калі ва ўладзе застанецца Лукашэнка, то не зменіцца на пасадзе дэмакратычнай лідаркі і Святлана Ціханоўская, кажа чалец ейнай каманды.

«Мандат Ціханоўскай, які быў атрыманы ад людзей пад абяцанне правесці дэмакратычныя выбары. Гэта значыць, што Ціханоўская павінная дамагацца правядзення гэтых выбараў, каб гэты мандат перадаць», – распавёў старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

Крытыкі офісу Ціханоўскай перыядычна нагадваюць, што мандат Святлане Ціханоўскай давалі на паўгода, таму ён не можа заставацца ў адных руках да неакрэсленага часу – падзення дыктатуры.

Юлія Цяльпук, «Белсат»