«Зверствы ў Бучы не былі анамаліяй». Чарговыя сведчанні зверстваў расейскіх вайскоўцаў


«Масавыя пахаванні ды катаванні ў вызваленым Ізюме пацвярджаюць, што зверствы ў Бучы былі тыповымі паводзінамі Расеі на акупаваных тэрыторыях, а не анамаліяй», – такія высновы робіць Інстытут вывучэння вайны. Паводле яго аналітыкаў Украіна за апошнія дні адваявала значныя тэрыторыі на паўднёвы ўсход ад Харкава.  

На Харкаўчыне ўкраінскія войскі вызвалілі яшчэ адзін горад – Купянск. Пра гэта паведамляе Інстытут вывучэння вайны. Блакітным колерам на мапе пазначаная тэрыторыя, якую Украіна адваявала з 8 да 16 верасня. А расейскае войска арганізавала абарончую мяжу ў Луганскай вобласці – кажа брытанская выведка.

Аператыўнае камандаванне «Поўдзень» так апісвае сітуацыю на фронце:

«Пацверджаныя страты праціўніка склалі 33 акупанты, 2 танкі, гаўбіца, мабільны мінамёт, 9 адзінак аўтабранятанкавай тэхнікі. Наконт астатняга праводзіцца праверка. Цягам дня вораг здзейсніў 4 авіаўдары па нашых пазіцыях і ракетны ўдар па Крыварожжы. 4 разы абстрэльваў Нікапальскі раён. У кірунку Крывога Рогу вораг працягвае атакаваць крытычную інфраструктуру з мэтай стварэння тэхнагеннай катастрофы ды ўскладнення руху нашых войскаў, а таксама дзеля стварэння сацыяльнай напружанасці», – кажа Уладзіслаў Назараў.

Уначы расейскія войскі нанеслі 2 ракетныя ўдары па Харкаве. На адным з прадпрыемстваў пачаўся пажар. Чарговы аб’ект інфраструктуры – цеплаэлектрастанцыю – расейцы атакавалі ў Славянску. А ў Мікалаеве праз абстрэлы пачаліся праблемы з водазабеспячэннем.

«Застаецца пагроза авіяцыйных і ракетных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны. Праціўнік працягвае наносіць удары па жыллю мірных жыхароў і абʼектах грамадзянскай інфраструктуры, парушаючы законы і звычаі вядзення вайны і нормы Міжнароднага гуманітарнага права», – каментуе прадстаўнік Генеральнага штабу ЗСУ Аляксандр Штупун.

У Ізюме, дзе днямі знайшлі масавае пахаванне мірных жыхароў, працягваюцца следчыя дзеянні.

«Падчас расследаванняў мы папярэдне ўстанавілі гвалтоўную прычыну смерці. У некаторых выпадках вакол шыі была абматаная вяроўка. А часам рукі былі звязаныя за спінай», – кажа старшыня Харкаўскай адміністрацыі Алег Сынэгубаў.

«Мы абследуем усе брацкія магілы. Тут хавалі людзей без усялякіх дакументаў. Так, мы ведаем, што такіх месцаў некалькі, мы іх усе абследуем. Калі скончым тут, пойдзем адразу да наступнага месца», – кажа следчы Уладзімір Лымар.

Сярод іншых пахаванняў тут ёсць могілкі шасцярых чальцоў адной сямʼі. Дата смерці бацькоў і дзяцей Стаўпаковых адна і тая ж – 9 сакавіка. Іхны дом на вуліцы Першамайскай расейцы расстралялі з танка.

«Ужо ёсць відавочныя сведчанні катаванняў, здзекаў з людзей… Больш за тое, ёсць сведчанні таго, што расейскія салдаты, пазіцыі якіх размяшчаліся недалёка ад гэтага месца, стралялі па магілах проста дзеля забавы. Свет павінен адказаць на ўсё гэта. Расея паўтарыла ў Ізюме тое, што зрабіла ў Бучы», – сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

У вызваленых ад расейскіх акупантаў раёнах Харкаўшчыны былі выяўленыя і месцы катаванняў.

«Ну, усе ўсё распавядалі? Я не ведаю, першы допыт, я прыйшоў, мяне хвілін 40 токам білі. Як яны яшчэ катавалі? Ну, асабіста ў мяне яшчэ стралялі. Або з пнеўматыкі або з газавага, не ведаю, бо быў у меху, білі бітай», – такое сведчанне жыхара гораду Купянск зʼявілася ў інтэрнэце.

На чарговыя зверствы расейскіх акупантаў ва Украіне адрэагавалі Злучаныя Штаты:

«Гэта абсалютна недапушчальна і жорстка. Міжнароднай супольнасці робіцца ўсё больш і больш відавочна, што Пуцін і ягоныя салдаты здольныя на самае горшае», – заявіў прэс-сакратар Службы Нацыянальнай бяспекі Джон Кербі.

Таму ЗША гатовыя павялічваць вайсковую дапамогу Украіне:

«Учора ўвечары мы абвясцілі аб нашым 21-м пакеце дапамогі ў галіне бяспекі. Гэта пакет коштам 600 мільёнаў долараў ЗША, які ўлучае ў сябе боепрыпасы для сістэмаў HIMARS, артылерыйскія ракетныя комплексы высокай мабільнасці, стралковую зброю і многае іншае», – патлумачыў Джон Кербі.

Чакае Украіна дапамогі і ад іншых краінаў-партнёраў. Гэтак, паводле Генштабу ЗСУ, 5 транспартавых самалётаў з боепрыпасамі для буйнакаліберных артылерыйскіх сістэмаў ва Украіну накіравала Іспанія. А вось Нямеччына традыцыйна не спяшаецца з падтрыманнем: Берлін пагадзіўся прадаць Украіне 18 самаходных артылерыйскіх сістэмаў RCH-155, але Кіеў атрымае іх не раней за 2025 год.

Вольга Васільева, Белсат