Ці будзе ў Беларусі абвешчана амністыя і хто пад яе трапіць?


Лукашэнка абяцаў амністыю, прымеркаваную да гэтак званага Дня народнага адзінства, а па выніку нават законапраекту пакуль не паказаў. Улады сцвярджаюць, што амніставаць могуць каля васьмі тысячаў зняволеных. Аднак пакараныя за пратэсты выйдуць на волю выключна са згоды Лукашэнкі.

Лукашэнка зноў вырашыў выявіць літасць да зняволеных, анансаваўшы напярэдадні гэтак званага Дня народнага адзінства – амністыю.

Аднак абяцаць – не значыць адразу зрабіць. Каб вызначыць гэтае кола асобаў, да якіх выкажуць літасць, мусіць з’явіцца адпаведны закон.

«Гэта выдатна, што мы пабачым у законе ці пэўную катэгорыю злачынстваў, ці пэўную катэгорыю асобаў. І парадуемся, што канкрэтная асоба трапляе пад гэтую катэгорыю і будзе вызваленая, але гэта не так», – зазначае юрыстка, куратар адукацыйных праграм ЕГУ, экспертка праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill Марыя Жарылоўская.

Амністыя абміне тых, да каго ў месцах зняволення ўжывалі захады спагнання: напрыклад, вымовы ці змяшчэнне ў штрафныя ізалятары. Адпаведна меркаваць, што на волю выйдуць галоўныя апаненты Лукашэнкі – такія, як Бабарыка ці Ціханоўскі, – не выпадае.

І ўсё ж асуджаныя ў пратэставых справах маюць шанец вызваліцца ці хаця б атрымаць змяншэнне тэрмінаў пакарання. Праўда, дзеля гэтага ім давядзецца звярнуцца з пакаяннем да Лукашэнкі. А ён ужо разгледзіць кожны выпадак індывідуальна.

«Гэта абсалютна не суадносіцца з інстытутам амністыі. Больш за тое, можна казаць аб дыскрымінацыйным характары прымянення адпаведных паўнамоцтваў, калі іх можна так назваць. Бо відавочна, чаму прымяняецца такое рашэнне», – падкрэслівае Марыя Жарылоўская.

Чаму Лукашэнка, які дагэтуль патрабаваў знайсці кожнага ўдзельніка пратэстаў, раптам загаварыў пра перагібы з боку сілавікоў? Палітолаг і каардынатар міжнароднай дапамогі офісу Святланы Ціханоўскай Андрэй Ягораў мяркуе, што такім чынам рэжым намагаецца не дапусціць узнікнення новай пратэставай хвалі. Магчыма, нават больш радыкальнай, чым у 2020 годзе.

«Пастаянна жыць у сітуацыі ўнутранага канфлікту, які спараджаецца надзвычайным становішчам і рэпрэсіямі, – немагчыма. Грамадства не можа ў такім стане нармальна функцыянаваць. Гэты рэжым мусіць імкнуцца да таго, каб нейкім чынам залагодзіць гэты канфлікт», – тлумачыць палітолаг і каардынатар міжнароднай дапамогі офісу Святланы Ціханоўскай Андрэй Ягораў.

А вось залагодзіць Захад абвяшчэннем амністыі наўрад ці атрымаецца. Як зазначыў у інтэрвʼю Deutsche Welle афіцыйны прадстаўнік Еўразвязу ў замежнай палітыцы Пэтэр Стана, пакуль з боку рэжыму не будзе рэальных дзеянняў: вызвалення ўсіх палітычных вязняў і правядзення новых выбараў, – санкцыяў не адменяць.

«На дадзеным этапе гэта заўчасная дыскусія. Бо пакуль мы бачым толькі заявы, а што датычыць дзеянняў – мы бачым працяг рэпрэсіяў», – каза афіцыйны прадстаўнік ЕЗ у замежнай палітыцы Пэтэр Стана.

Але ўлады Беларусі не тое, каб імкнуцца наладзіць дыялог з Еўрапейскім Звязам, падкрэслівае Андрэй Ягораў:

«Абвяшчаць амністыю і адначасова затрымліваць людзей, якія працуюць у дыпламатычнай місіі Еўрапейскага Звязу, – абсурдны крок».

На наступным тыдні распачнецца восеньская сесія парламенту. І як мяркуе юрыстка Марыя Жарылоўская, абедзве палаты могуць прыняць закон аб амністыі дастаткова аператыўна. Але і гэта не гарантуе імгненнага вызвалення вязняў, усё залежыць ад вызначаных рэжымам тэрмінаў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»