«Дзень народнага адзінства» як ідэалогія рэжыму Лукашэнкі


Чырвона-зялёныя сцягі, аўтапрабегі, выставы і надпіс «17 верасня – Дзень народнага адзінства» дзе толькі можна. Так у Беларусі адзначаюць уваход Савецкага Саюзу ў Другую сусветную вайну, напад на незалежную Польшчу ў 1939-м.

Свята прызначанае летась указам Аляксандра Лукашэнкі. Афіцыйна прымеркаванае да вызвалення Чырвонай Арміяй Заходняй Беларусі.

«Дзень 17 верасня вярнуўся ў наш святочны каляндар не толькі як нагадванне пра каштоўнасці свабоды і незалежнасці, але і як даніна эпосе, якая падарыла нам, беларусам, права заняць сваё месца на мапе свету», – заявіў Лукашэнка 13-га верасня падчас раздачы ўзнагародаў дзяржаўным дзеячам.

Цэнтральная падзея святкаванняў – форум патрыятычных сілаў «Сімвал адзінства» на «Менск-Арэне» з выступам Лукашэнкі. Ля стадыёну арганізаваны продаж харчоў ад вытворцаў.

Асабліва маштабна святкуюць Узброеныя сілы Беларусі разам з іншымі сілавікамі ды бюджэтнікі. Напрыклад, арганізаваны флэшмоб рукапацісканняў ад 65-й аўтамабільнай брыгады, каб прадэманстраваць адзінства народу і дзяржавы.

У горадзе Ліда – якраз на захадзе Беларусі – вайскоўцы пачалі святкаваць 17-га верасня загадзя, выставаю тэхнікі ў гонар Вялікай Айчыннай вайны на Кургане бессмяротнасці.

«Гэты мемарыял створаны шмат гадоў таму, а сёння атрымлівае новае жыццё. Сёння тут адчынілі выставу больш сучаснай тэхнікі. Гэта нябачная сувязь пакаленняў», – распавёў «Воен-ТВ Беларусі» намеснік начальніка Генштабу Узброеных сілаў Беларусі Ігар Кароль.

А ў мемарыяльным комплексе «Лінія Сталіна» пад Менскам прайшла рэканструкцыя нападу савецкіх войскаў на палякаў – са сцэнаром вызвалення прыгнечанага беларускага народу.

Але гэтае свята нельга назваць ні народным, ні аб’яднальным, мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Першае – прарасейскасць. Другое – прасавецкасць. Трэцяе – антызаходнясць. Чацвёртае – антыпольскасць, фактычна палонафобія. Усе гэтыя аспекты можна аб’яднаць, каб патлумачыць прычыны і матывы менскай улады стварыць так званы «Дзень адзінства».

З гэтым святкаваннем ёсць і гістарычныя праблемы.

«У гэты дзень пачаўся ваенны паход СССР на Польшчу. А тое, што называецца ўз’яднаннем, адбылося толькі ў канцы лістападу 1939-га году, калі парламент як бы прагаласаваў за гэта», – нагадвае гісторык Цімафей Акудовіч.

17 верасня 1939 года Савецкі Саюз парушыў міжнародныя забавязАнні ды атакаваў Польшчу, каб далучыць да сябе раней страчаныя тэрыторыі былой Расейскай імперыі – Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Гітлераўскія войскі напалі на нашых суседзяў троху раней. Межы падзелу былі раней абгавораныя між Сталіным і Гітлерам у пакце міністраў замежных справаў – Молатава і Рыбэнтропа. Падзел Польшчы скончыўся супольным парадам гітлераўскіх і сталінскіх войскаў у Берасці ды стаў пачаткам перыяду рэпрэсіяў, канфіскацыі прыватнай маёмасці, прымусовай дэпартацыі нелаяльнага насельніцтва.

«Ніякія беларускія сілы, нават камуністычныя, не прасілі пра гэты паход у Сталіна. Гэта не была беларуская ініцыятыва. З беларусамі ніхто не раіўся. Гэта была проста геапалітычная гульня, шанец для Сталіна ўварвацца ў Еўропу. Яму было гэта выгадна зрабіць сімвалічна на плячах беларусаў і ўкраінцаў», – тлумачыць Цімафей Акудовіч.

Сімвалам ваенных злачынстваў 1939-га года стала Катынь – месца масавых растрэлаў палонных палякаў у Смаленскай вобласці. Этнічныя беларусы таксама былі сярод забітых.

У савецкі час у заходняй Беларусі былі вуліцы 17-га верасня, але нікому і ў галаву не магло прыйсці так маштабна святкаваць падобнае свята, каб не пакрыўдзіць польскіх суседзяў, падкрэслівае Віталь Цыганкоў:

«Калі самі беларусы вызначалі свой лёс – Дзень Волі 25 сакавіка, 25 жніўня і 27 ліпеня – Дэкларацыя аб суверэнітэце – гэта ўсё нецікава для Лукашэнкі, ён гэтыя святы паадмяняў. А калі нас – «вызваляла» Расея, то для яго гэта становіцца святам».

2022-й год у Беларусі афіцыйна абвешчаны Годам гістарычнай памяці. На справе гэта год нагнятання антыпольскай прапаганды. У Беларусі знішчаныя некалькі дзясяткаў пахаванняў польскіх жаўнераў, якія змагаліся супраць гітлераўскіх войскаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»