Літва закрывае два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю


Лічаныя гадзіны засталіся да закрыцця літоўскіх пунктаў пропуску «Шумскас» і «Твярачус» на мяжы з Беларуссю. Але гэта можа быць толькі пачатак – міністры Літвы, Латвіі ды Польшчы будуць абмяркоўваць варыянт поўнага закрыцця межаў з нашаю краінай. Як суседзі плануюць рэагаваць на пагрозы ад рэжыму Лукашэнкі? І ці азначае закрыццё межаў адназначную ізаляцыю беларусаў ад Еўразвязу?

Літва закрывае два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю ў адказ на размяшчэнне баевікоў Вагнэра ў нашай краіне. І рыхтуецца да розных сцэнароў.

«Так, правакацыі могуць быць. Але не абавязкова звязаныя з групай Вагнэра. Яны могуць быць звязаныя з прадстаўнікамі ўладаў суседняй дзяржавы. Таму мы рыхтуемся ў любым выпадку да магчымых правакацыяў на дзяржаўнай мяжы», – кажа кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас.

«Мы нядаўна абнавілі план прыкрыцця мяжы, то бок узаемадзеяння памежнай службы і вайскоўцаў пры розных узроўнях пагрозы. А сёлета плануем разам з Узброенымі сіламі вучэнні – адпрацаваць некалькі сцэнароў. Першы датычыць нелегальнай міграцыі – на выпадак непрадбачаных сітуацыяў. Другі – адпрацоўванне дзеянняў у выпадку гібрыдных пагрозаў на дзяржаўнай мяжы», – распавяла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Паводле Білатайце, поўнае закрыццё мяжы будзе эфектыўным, калі да Літвы далучацца Латвія, Эстонія і Польшча.

«Гэта будзе палітычнае рашэнне. Тыя, хто будзе яго прымаць, імаверна, будуць браць пад увагу ўвесь комплекс чыннікаў – эканамічных, палітычных, бяспекавых», – мяркуе Рустамас Любаевас.

Міністры Літвы, Латвіі і Польшчы абмяркуюць закрыццё мяжы 28 жніўня падчас сустрэчы ў Варшаве. Гэта ўскладніць Беларусі вонкавы гандаль, мяркуе палітолаг Леся Руднік, дырэктарка Цэнтру новых ідэяў. Але ці моцна ўдарыць па рэжыме?

«Крытычнага ўдару закрыццё межаў не нанясе па рэжыме Лукашэнкі. У першую чаргу таму, што гэта не задумваецца як адказ на рэпрэсіўную палітыку Лукашэнкі. Бо закрыццё межаў разглядаецца як захада бяспекі», – мяркуе Леся Руднік.

Суседзі маюць права дбаць пра сваю бяспеку – кажуць у Аб‘яднаным пераходным кабінеце. Але выступаюць супраць ізаляцыі беларусаў.

«Тыя кантакты, якія ў нас былі, паказваюць разуменне неабходнасці таго, каб захоўваць права праезду праз мяжу для фізічных асобаў. Так званыя гуманітарныя калідоры, ці магчымасць перасячэння мяжы фізічнымі асобамі, павінныя захавацца», – тлумачыць прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі.

Пакуль закрываюцца, падобна, найменш загружаныя пункты пропуску. Праз іх у сярэднім за содні праходзяць крыху больш за дзве тысячы асобаў. Памежны камітэт Беларусі назваў прычыны закрыцця надуманымі. Вагнэраўцы нібыта проста нагода, каб не пускаць літоўцаў у Беларусь.

Валянцін Васіленка, «Белсат»