Антырэкорд Парку высокіх тэхналогіяў


819 – столькі работнікаў гатовыя працаўладкаваць рэзідэнты Парку высокіх тэхналогіяў. Гэта амаль у тры разы меней, як у сакавіку 2022-га, калі беларускі IT-сектар пачаў найбуйнейшую ў гісторыі нашай краіны кампанію рэлакацыі бізнесу і працаўнікоў за мяжу.

«Адкрываюцца новыя напрамкі: дапусцім штучны інтэлект, нейрасеткі… Але мяркуючы па ўсім у Беларусі гэтых новых напрамкаў не з‘яўляецца, а значыць, што праблемы з інавацыямі, праблемы з тым, што людзі не хочуць адкрываць бізнесы пад нейкія новыя свае ідэі, новыя стартапы запускаць, і аддаюць перавагу гэта рабіць за мяжой», – тлумачыць прадстаўнік Association of Belarusian Businesses Abroad Яраслаў Кот.

Менавіта праз ад’езд з Беларусі праграмістаў заробкавы фонд IT-спецыялістаў у нашай краіне страціў больш за мільярд рублёў у перыяд з траўня 2022-га года да траўня 2023-га. Гэта вынікае з даследавання праекту «Нашы грошы».

«Мы разумеем, што гэта так, безумоўна, шкода для эканомікі, шкода для рэпутацыі, шкода для любых патэнцыйных інвестыцый. Але ўсё роўна людзі ў Беларусі працягваюць траціць грошы, усё роўна адкрываюцца новыя месцы», – мяркуе сузаснавальнік платформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павел Лібер.

Паводле ж прадпрымальніка Аляксандра Кныровіча, звесткі з даследавання праекту «Нашы грошы» заніжаныя, бо грунтуюцца на лічбах Белстату: «Мы ўсе ведаем, што ў нас ІТ- сектар – гэта амаль цалкам аўтсорсінгавае праграмаванне. Таму там будзе ўклад заробку амаль 2 мільярды рублёў. Я лічу, што ўклад 2 мільярды рублёў – гэта страты. І таму гэтыя лічбы не супадаюць».

Колькі ж пры гэтым страціў беларускі бюджэт у выглядзе падатку на дададзеную вартасць?

«Можам ускосна палічыць, што гэта будзе прыкладна 180 мільёнаў долараў і з іх НДС будзе больш за 70 мільёнаў долараў. Ці 200 мільёнаў беларускіх рублёў», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Існуюць некалькі прычынаў, чаму беларускія IT-кампаніі працягваюць з’язджаць з Беларусі.

«Рэпрэсіі заўсёды былі. І іх робіцца ўсё больш і больш. Характар іх і формы мяняюцца. Цяпер ціск могуць аказваць на некалькіх узроўнях. Калі тады іх рабіў ПВТ, то зараз могуць рабіць розныя чыноўнікі. Звязаныя з арэндамі памяшканняў. Ці вы напрыклад прыйшлі на працу, а ў вас пытаюцца як і што вы робіце», – кажа Яраслаў Кот.

Іншы важны чыннік, на думку Паўла Лібера, – нежаданне замежных інвестараў укладаць грошы ў праекты, што паходзяць з непрадказальнай Беларусі:

«А ўсе абяцанні адкрыць новыя рынкі: маўляў мы будзем працаваць з Кітаем, мы будзем там працаваць з Саудаўскай Аравіяй, з Эміратамі і гэтак далей – гэта ўсё роўна ж застаецца на ўзроўні абяцанняў. Прычым на ўзроўні абяцанняў нязбытных. Паколькі адбываецца моцнае вымыванне… догляд буйных гульцоў і адпаведна на такі рынак няма сэнсу прыходзіць з новых рэгіёнаў».

А тым часам кампанія з беларускімі каранямі «EPAM» ізноў сталася першаю паводле сплаты падаткаў у літоўскім IT-сектары. Сёлета за другі квартал яна заплаціла ў бюджэт Літвы каля 7 мільёнаў еўраў. Крыху адстае кампанія «Wargaming». Сёлета ў другім квартале ў бюджэт краіны-суседкі яна заплаціла 3 мільёны еўраў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»