Новы навучальны год: хто выйграе змаганне за розумы?


Напярэдадні навучальнага года ўстановы адукацыі ўсё яшчэ не набралі штат педагогаў, настаўнікаў і выхавальнікаў. У агульнарэспубліканскай базе вакансіяў больш за дзве тысячы сямсот аб’яваў, і дзве траціны з іх – свежыя, размешчаныя за апошні месяц. Адкажам на пытанні, чаму частка настаўнікаў не ідзе навучаць, і чаму частка школьнікаў пойдзе на першы занятак без узнёслага настрою.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Першы занятак навучальнага года – не мова і не матэматыка, а патрыятычная лекцыя, якую нібыта «нельга прагульваць».

Сёлетняя тэма ўроку – «У гістарычнай памяці – сіла і адзінства беларускага народу». У профільным міністэрстве гэта называюць «грамадзянскай адукацыяй».

«Гэта патрыятычнае выхаванне. І ў гэтым прынцыповая розніца. Задача тут стаіць хутчэй не ў фармаванні нейкай актыўнай грамадзянскай пазіцыі, колькі ідзе барацьба за розумы. Яны, здаецца, гэта дакладна так і называюць», – кажа метадолаг Святлана Мацкевіч.

Паводле эксперткі, настаўнікам даюць задачу замацаваць у галовах дзяцей недатыкальнасць рэжыму і мадэль «правільных» паводзінаў грамадзяніна. Таму якія парады, датычныя першага ўроку, пабачаць у метадычках класныя кіраўнікі, не цяжка здагадацца. Але хто складае гэтыя метадычкі?

«Ідэалогію акурат складаюць гісторыкі, сацыёлагі, культуролагі, палітолагі. Вычышчаныя з ВНУ найбольш творчыя кадры, якія б маглі гэтую ідэалогію напісаць так, каб яна была цікавая і прынятая тымі, каму будзе даносіцца», кажа Святлана Куль-Сяльверстава.

Паводле доктаркі гістарычных навук, за два гады з палітычных прычынаў з вышэйшых навучальных установаў звольнілі каля 300 найлепшых спецыялістаў. Таму ідэалагічныя метадычкі Мінадукацыі робяцца ўсе менш прывабнымі ды няздольнымі належна ўплываць на школьнікаў. Як паступаць з гэтымі матэрыяламі – выбар настаўніка. Класная кіраўніца адной з сярэдніх школаў ананімна прызнала:

«Я яшчэ не ведаю, які будзе ўрок. Пра адзінства? Калі шчыра, я ніколі гэтыя першыя ўрокі па тэме не правожу. Проста з дзецьмі размаўляем пра школу, пра дысцыпліну, пра лета».

Такі настаўнік ведае, што рызыкуе, але за ім – чытае сумленне і любоў дзяцей, лічыць Святлана Куль-Сяльверстава. Яна каардынатарка Беларускай акадэміі, установы, якая імкнецца захаваць «нелукашэнкаўскую» акадэмічную супольнасць.

«Між іншага Беларуская Акадэмія і паўстала (не скажу, што як альтэрнатыва) як выратавальнае кола. Калі можна было хаця б на такой невялічкай пляцоўцы захаваць пэўныя кадры, захаваць павагу жа сябе, захаваць навуковыя дасягненні. Бо ў нас ужо і часопіс свой ёсць – мы ўжо 2 нумары выдалі. Тры канферэнцыі міжнародныя правялі. І галоўнае – атрымалі магчымасць выкладаць, няхай і ў онлайн-фармаце», – паведаміла прафесарка.

Але галоўнае – атрымалі магчымасць выкладаць, няхай і ў онлайн-фармаце.

Прымусовыя звальненні ды адстаўкі на ўласнае жаданне паглыбілі дэфіцыт кадраў у сістэме адукацыі. Толькі за апошні месяц у агульнарэспубліканскай базе зʼявілася каля дзвюх тысяч вакансіяў для педагогаў, настаўнікаў і выхавальнікаў.

«Закрыць» гэтыя прабелы добра было б да пачатку навучальнага года.

Юлія Цяльпук «Белсат»