Як рэжым Лукашэнкі спрабуе абыйсці заходнія санкцыі


Дзяржаўнае аб’яднанне «Беларуснафта» выйшла са складу канцэрну «Белнафтахім». Адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. З чэрвеня «Белнафтахім» і восем іншых дзяржаўных прадпрыемстваў нафтахімічнай прамысловасці Беларусі – у санкцыйным спісе ЗША і Еўразвязу. Змена структуры – гэта абыход санкцыяў, упэўнены эксперт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

«Гэта падстрахоўка для таго, каб працягваць працаваць з заходнімі контрагентамі. Тут пытанне не толькі ў збыце прадукцыі. Пытанне ў тым, што значная частка кантрактаў на пастаўку тэхналагічнага абсталявання, на пастаўку хімічных рэчаў, калі мы гаворым пра нафтаперапрацоўку. Гэта ідзе з Захаду. Гэта класічная схема для любой краіны, для любой кампаніі, якая патрапіла пад санкцыі», – адзначае Ігар Тышкевіч.

Каб абысці санкцыі, яшчэ ў траўні наваполацкі «Нафтан», які таксама апынуўся ў чорным спісе, змяніў структуру ўласнасці і назву. Цяпер гэта «ЭддзіТэк». А расейскі бізнесмен Міхаіл Гуцэрыеў, сябра Аляксандра Лукашэнкі, выйшаў са складу дырэктараў кампаніі «РуссНефть». Крокі для абыходу абмежаванняў зрабіў і беларускі бізнесоўца Аляксей Алексін.

«Яго абклалі санкцыямі, але ягоны завод у Літве працуе, і ягоны «МТБанк» працуе, у тым ліку з еўрапейцамі. Сутнасць у тым, што ён фармальна прадаў «МТБанк» эмірацкай кампаніі, якая знаходзіцца па адрасе яшчэ адной эмірацкай кампаніі, якая належыць ягонаму сыну, якая займаецца гандлем цыгарэт. Але фармальна, такім чынам, яны выводзяцца з-пад санкцыяў», – распавядае эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Санкцыі – гэта бяссілле захаду, а беларуская эканоміка вытрымае, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Пры падтрыманні Расеі Беларусь здольная процістаяць знешняму націску, мяркуе беларускі прэмʼер Раман Галоўчанка. Ён запэўніў, што абедзве краіны нават пачалІ распрацоўваць супольны план супрацьдзеяння заходнім санкцыям. Аднак раскрываць яго сутнасць ня стаў.

«Гэта датычыць крэдытна-фінансавага падтрымання беларускай банкаўскай сістэмы, страхавання заключаных намі ўгодаў. Таму мы не маем сумневаў, што ў гэтай частцы падтрыманне Расеі цалкам перакрые тыя магчымыя наступствы, на надыход якіх разлічваюць тыя, хто гэтыя санкцыі ўводзіць. Гэта выгадна і Расейскай Федэрацыі – мы працуем на ўзаемавыгадных умовах», – адзначыў Раман Галоўчанка.

«Лагічна сабе ўявіць, што, прыблізна як Лукашэнка дапамагаў еўрапейцам пазбягаць еўрапейскіх санкцыяў, перафарбоўваючы іхную прадукцыю на беларускую, так жа ён спрабуе дамовіцца з расейцамі, каб яны перафарбоўвалі беларускую прадукцыю на расейскую», – разважае Станіслаў Івашкевіч.

Абыйсці санкцыі будзе ня проста, галоўнае – палітычная воля саміх ЗША і Еўразвязу, лічыць юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк: «У ЗША і Еўропе былі і ёсць палітычныя падставы для працы па гэтых кампаніях. І далей гэта пытанне ўжо палітычнай волі, наколькі выканаўцы, канкрэтныя органы еўрапейскія і амерыканскія гатовыя будуць далей рухацца і пераўтвараць у жыццё санкцыйнае заканадаўства».

Між тым Белстат спыніў публікацыю дадзеных пра выпуск прадукцыі ў нафтаперапрацоўчай і хімічнай прамысловасці. Раней камітэт схаваў статыстыку пра замежны гандаль таварамі, што трапілі пад «сектаральныя санкцыі» Еўразвязу. Паводле адмыслоўцаў, гэта зроблена, па-першае, каб не паказваць тэмпаў падзення эканомікі, па-другое, каб прыхаваць новыя схемы абыходу санкцыяў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»