Якімі сталіся вынікі саміту міру?


Прадстаўнікі 80 краінаў з 90, якія ўзялі ўдзел у швейцарскім саміце міру для Украіны, падпісалі яго выніковае камюніке. У ім дэкларуецца суверэнітэт Украіны ў яе афіцыйна прызнаных межах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нягледзячы на розныя пункты гледжання, нам удалося ўзгадніць агульнае бачанне тут, у Бюргенштоку. Гэтым мы пасылаем ясны сігнал народу Украіны і ўсім, хто наўпрост пацярпеў ад наступстваў вайны. Значная частка міжнароднай супольнасці жадае прынесці змены», – кажа прэзідэнтка Швейцарыі Віёля Амгэрд.

«Я спадзяюся, што мы зможам дасягнуць вынікаў як мага хутчэй. І менавіта гэтыя і іншыя падобныя практычныя крокі для аднаўлення бяспекі і міру дакажуць усім у свеце, што Статут ААН можа быць адноўлены да поўнай эфектыўнасці. Усе прынцыпы і прапановы Статуту ААН. Слава Украіне!» – дадае Уладзімір Зяленскі.

Пункты камюніке скіраваныя да Расеі. Гэта патрабаванні аб спыненні ядравага шантажу з боку Масквы і перадача Запарожскай АЭС пад кантроль Кіева, вяртанне дадому палонных вайскоўцаў і дэпартаваных дзяцей, гарантыя харчовай бяспекі праз разблакаванне ўкраінскіх партоў, у тым ліку на Азоўскім моры.

«Калі б хтосьці хацеў распачаць мірны перамоўны працэс, то ад гэтых ідэяў цалкам можна было б адштурхоўвацца, – мяркуе доктар палітычных навук, прафесар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэту Пятро Алэшчук. – Але мне асабіста зразумела, што Расея гэта ўсё цалкам адкіне. Такім чынам, гэтая ідэалагема, што літаральна заўтра можна дамовіцца з Расеяй спыніць агонь, неяк усё замарозіць, – яна фактычна зруйнаваная або будзе зруйнаваная літаральна гэтымі днямі, калі мы атрымаем афіцыйны адказ Расеі».

Адметна, што сярод падпісантаў дэкларацыі і тыя еўрапейскія краіны, якія звычайна ўспрымаюцца як сімпатызанты Пуціна: Вугоршчына, Сербія, Славаччына. А ў дадатак Турцыя.

«Яны відавочна лічаць, што памяркоўная салідарнасць з іншымі дзяржавамі НАТО для іх больш выгадная. Дзякуючы таму, што камюніке дастаткова памяркоўнае ў сваіх фармулёўках, гэта дазволіла сабраць максімальна шырокае магчымае падтрыманне. Але ўсё роўна гэтая мяжа паміж тымі, хто за і хто супраць, – яна захоўваецца», – дадае Алэшчук.

Зрэшты, былі і тыя, хто дакументу не зацвердзіў. Напрыклад, Бразілія, Індыя, Мексіка, Саудаўская Аравія і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.

У Швейцарыі адбыўся першы саміт міру.
Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

«Нягледзячы на тое, што было прапанавана некалькі мірных ініцыятываў, здаецца, ні адна з іх не атрымала ўсеагульнага міжнароднага падтрымання, неабходнага для дасягнення поспеху, – разважае міністарка замежных справаў Мексікі Алісья Барсэна. – Наадварот, мы назіраем эскалацыю і большае размяшчэнне зброі ды вайсковай тэхнікі коштам пакутаў мірнага насельніцтва, асабліва жанчын і дзяцей».

Да таго ж на палях саміту не было прадстаўнікоў Кітаю ды Расеі. Апошніх не запрасілі адмыслова. Кітайцы ж адмовіліся самі: яны спаслаліся на розніцу паміж парадкам дня канферэнцыі і пазіцыяй афіцыйнага Пекіну. Раней Кітай прапаноўваў свой варыянт мірнага пагаднення паміж Украінай і Расеяй.

«Я лічу, што Кітай мог бы нам дапамагчы, і таму я хацеў бы, каб прапановы з кітайскага боку былі ў рамках нашага дыялогу. Я не магу ўспрымаць прапановаў праз медыі. Разумееце? Гэта няправільна. Мы размаўляем аб спыненні вайны, ёсць тысячы ахвяраў, заваяваныя тэрыторыі, спаленыя дамы», – кажа Уладзімір Зяленскі.

Наперадзе працоўныя сустрэчы і рыхтаванне плану дзеянняў, якія могуць зрабіцца перадумоваю да другога саміту міру. Дзе менавіта і калі ён пройдзе, пакуль невядома. Зрэшты, гэтым разам не выключанае запрашэнне для Расеі.

Ян Федаровіч, «Белсат»