Ці ўцягнуць Беларусь у ядравую вайну?


Так званы гадзіннік Суднага дня паказвае: чалавецтва на мяжы ядравага катаклізму. За ўсю гісторыю праекту стрэлкі ніколі не былі настолькі блізкія да поўначы. Цяпер да яе – 90 секундаў. Нават у часе халоднай вайны найгоршы паказнік складаў тры хвіліны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пакуль Лукашэнка бравіруе наяўнасцю ў Беларусі расейскай ядравай зброі, Захад пераводзіць у баявую гатовасць сваю. Пра гэта паведаміў Стакгольмскі міжнародны інстытут даследавання праблемаў міру. Паводле справаздачы, у ЗША дасталі з запаснікаў больш за 1700 боегаловак, больш за 100 – у Вялікай Брытаніі і 280 – у Францыі.

«Гэта звязана з апошнімі заявамі Уладзіміра Пуціна, якія дэманструюць, што Расея дзее так, як яна лічыць патрэбным, каб адпаведным чынам уплываць на сітуацыю. Статус вымагае ад НАТО пэўных дзеянняў: і больш рашучых, і больш эфектыўных», – зазначае палітолаг Яўген Магда.

Іншыя краіны-удзельніцы Альянсу прапануюць свае тэрыторыі для размяшчэння новых стратэгічных ядравых аб’ектаў НАТО. У красавіку сёлета з адпаведнаю прапановай выступіў прэзідэнт Польшчы.

«Адна справа, умоўна кажучы, там у Нямеччыну ці Бельгію завесці больш ядравых бомбаў – там яны і так ёсць. Бомбай больш, бомбай менш – па сутнасці гэта не мяняе сітуацыі. А бомбы ў Польшчы – мяняюць. Яны значна бліжэй да Беларусі», – тлумачыць палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Крыніца: jacos.net

Паводле Лукашэнкі, у 2022-м годзе на тэрыторыю Беларусі прывезлі расейскія ракетныя комплексы С-400, «Іскандэр» ды ядравыя боегалоўкі да іх. Маўляў, такі крок гарантуе бяспеку і цэласць нашых межаў. Сяргей Пеляса, аўтар праграмы «ПраСвет» на «Белсаце», палітычны аглядальнік, зазначае:

«Гэта і страхавы поліс для Лукашэнкі з аднаго боку, а з другога боку – гэта вышэйшая рызыка таго, што, калі Пуцін вырашыць ударыць па Украіне ці па НАТО тактычнай ядравай зброяй, адказ НАТО прыляціць не па Расеі, альбо па расейскім флоце, а па тэрыторыі Беларусі – таму што гэта будзе бяспечны варыянт для НАТО».

Такія ўдары могуць адбыцца па беларускіх аэрадромах, на якіх размяшчаюцца знішчальнікі Су-25. Сёння самалёты, здольныя пераносіць тактычныя ядравыя бомбы, базуюцца ў Мачулішчах, Асіповічах і Лідзе.

Расце напружанасць і праз нядаўнія заявы кіраўніка Генеральнага штабу Паўла Муравейкі. Маўляў, у выпадку пагрозы беларуская армія гатовая скарыстацца расейскай ядравай зброяй.

«Муравейку трэба паказаць, што вось ён цяпер новы начальнік Генштабу, ён абароніць Беларусь, ён абароніць Лукашэнку. Але для Беларусі такія заявы ваяўнічыя Муравейкі аб тым, што яны гатовыя выкарыстоўваць ядравую зброю, вельмі небяспечныя», – кажа Сяргей Пеляса.

«Калі ён такі загад аддасць, то ад Беларусі можа не застацца нічога проста», – дадае Юрый Дракахруст.

Нягледзячы на словы Лукашэнкі, пераканаўчых доказаў наяўнасці ядравай зброі ў Беларусі няма – пра гэта таксама сказана ў справаздачы. Але нават у такім выпадку бравада беларускіх вайскоўцаў ставіць пад пагрозу бяспеку нашай краіны.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»