«Гэта адкрытая помста»: Ліцэю БДУ далі імя Дзяржынскага


Адгрымеў выпускны. Скончыўся вальс у двары безыменнага Ліцэю БДУ. Ад сёння – гэта Ліцэй БДУ імя Фелікса Дзяржынскага.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта адкрытая помста, звязаная з тым, што ва ўладзе сёння – у сілавых структурах, паўсюль – калгаснікі, вобразна кажу, калгаснікі, якія ненавідзяць выпускнікоў Ліцэю БДУ», – кажа журналіст, выпускнік Ліцэю БДУ Яўген Валошын.

Перайменаванне ў гонар савецкага ката прэзентавалі як просьбу калектыву ўстановы.

«Можна прыраўняць да прынцыповага пляўка ў твар грамадству, у твар годным беларусам. Тое, што выкладчыкаў змушалі да падпісання звароту аб перайменаванні, можна прыраўняць да сістэматычнага гвалту і парушэння правоў чалавека», – зазначае прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.

Выбар Дзяржынскага ў якасці патрона невыпадковы. Стваральнік Надзвычайнай камісіі, якая пасля шэрагу перайменаванняў – у ГПУ, НКВД – пераўтварылася ў КДБ. Арганізацыю, адказную за зверскія катаванні і забойствы мільёнаў людзей, у тым ліку сотняў тысячаў у Беларусі.

Ліцэй БДУ.
Фота: Lyceum-BSU / Facebook

«Фелікс Дзяржынскі – гэта аблічча савецкай сістэмы, імперыі зла, якая будавалася на крыві. Гэта палітычныя рэпрэсіі ў адносінах да палітычных праціўнікаў савецкай улады», – тлумачыць гісторык з фонду «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўген Дудкін.

У 2020 годзе настаўнікі і вучні Ліцэю БДУ актыўна супраціўляліся беззаконню. Яшчэ перад прэзідэнцкімі выбарамі амаль тысяча дзвесце выпускнікоў падпісалі адкрыты зварот супраць палітычных рэпрэсіяў.

Пасля 2020-га з установы пазвальнялі выкладчыкаў, а новая дырэктарка Таццяна Мамчыц наладзіла шчыльную супрацу з чэкістамі. Вучняў вазілі на палігон, а ў канцы траўня ў Ліцэй БДУ прыехаў намеснік старшыні КДБ Сяргей Гладышаў, на ўваходзе ў будынак павесілі табліцу ў гонар Лукашэнкі, і яшчэ адну – на камень каля бярозак.

«Беларуская моладзь вельмі крытычная, але я думаю, што на нас як бацьках зараз ляжыць велізарная адказнасць за тыя адукацыйныя выбары, якія мы робім для нашых дзяцей. Мы павінныя больш ангажавацца ў тое, што, дзе і як вывучаюць нашыя дзеці», – кажа Аліна Коўшык.

На думку палітолага Паўла Усава, перайменаванне Ліцэю БДУ ставіць навучэнцаў і выкладчыкаў перад выбарам: або сысці, або застацца, апраўдваючыся высокімі матывамі пра адукацыю. Але ёсць і менш рэзкія меркаванні.

«Калі ёсць магчымасць сёння забраць заяву і перайсці ў нейкую іншую ўстанову, безумоўна, на месцы бацькі я б гэта зрабіў. Калі такой магчымасці няма, то, на маю думку, трэба заставацца. Тое самае з выкладчыкамі. Калі ёсць магчымасць працаваць у іншым месцы з таленавітымі школьнікамі, вучыць іх таму, што трэба, то, канешне, трэба сыходзіць», – мяркуе выпускнік Ліцэю БДУ, рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў.

Разам з тым, эксперты згаджаюцца, што рэжым прымушае людзей ісці на кампраміс з уласным сумленнем і свядома прыніжае беларусаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»